Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 256

Мыйв Бінчы

— Так чаму ж ты распавяла мне, калі ніхто ня ведае і нікога ня трэба тым хваляваць?

— Таму што … думаю, таму што мне жадаецца, каб вы і Сыньёра былі шчасьлівыя. Не хачу, каб вы думалі, быццам вы зрабілі першы крок да разрыву з вашай жонкай. Мабыць, я жадала сказаць, што з вамі гулялі несумленна і што сэзон адчынены ... — Фіёна абарвала сябе на паўслове.

— Ты дзіўнае дзіцё, — сказаў Эйдан. Ён заплаціў па рахунку і яны рушылі да гатэлю Франкабола ў поўным маўчаньні. У холе ён афіцыйна паціснуў ёй руку. — Дзіўнае дзіцё, — паўтарыў ён на разьвітаньне і падняўся па лесьвіцы ў пакой, дзе Лапік расклаў усе прадметы, што зьбіраўся заўтра несьці сьвянціць да Папы. Папская аўдыенцыя ля Сьвятога Пятра. Эйдан схапіўся рукамі за галаву. Ён аб тым і думаць забыў. Лапік падрыхтаваў шэсьць штук малітоўных ружанцаў, каб блаславіць у Папы і зараз перабіраў іх, седзячы ў маленечкім пярэднім пакоі. Ён начысьціў абутак для Buona Seras, якія ўжо ня ведалі, што яшчэ яму даручыць. — Domani mercoledi noi vedremo Il Papa, — шчасьце перапаўняла яго.

Наверсе Лу паўтараў Сьюзі, што горача жадае яе, але ня ўпэўнены, што выкананьне апынецца адэкватна жаданьню. — Ледзь-ледзь зашмат выпіў, — урачыста тлумачыў ён.

— Нічога страшнага, сілы нам спатрэбяцца для заўтрашняй сустрэчы з Папам, — суцешыла яго Сьюзі.

— Аб Пане, зусім з галавы прэч тага чортава Папу, — прамармытаў Лу і адключыўся.

Біл Бурк і Лізі заснулі нават ў вопратцы, не расьсьцілаючы ложак. А пятай раніцы іх абудзіў холад.

— Можа, хоць сёньня выдасца спакойны дзянёк? — спытаў Біл.

— Пасьля аўдыенцыі Папы мусібыць. — Лізі пакутавала ад жахлівага галаўнога болю.

Бары перакуліў крэсла, і Фіёна спалохана прыскокнула. — Я забыў, дзе мы жывем, — сказаў ён.

— Вой, Бары, ад пабу нацянькі, потым збочыць лева.

— Ды не, у гатэлі. Я чужыя дзьверы адчыніў.

— Ты такі п'яны, — Фіёна спачувальна пагладзіла яго па галаве. — Добра вечар прайшоў?

— Ага, толькі няўвязка тут нейкая.

— Вядома. Папей вадзіцы.

— А потым усю ноч у прыбіральню шыбаваць.

— Пасьля ўсяго тага піва так і так прыйдзецца.

— Як ты дахаты дабралася? — раптам спытаў ён.

— Як і казала, адтуль прамы шлях.

— З кімсьці размаўляла?

— Толькі са спадарам Даннам, сустрэла яго па дарозе.

— Ён у ложку з Сыньёрай, — ганарліва даклаў Бары.

— Ня можа быць. Адкуль ты ведаеш?

— Я іх гутарку чуў, калі дзьвярамі памыліўся.

— Што ён казаў?

— Нешта аб храмах.

— Як у лекцыі?

— Адно у адно. Мусіць, ён зноўку ёй лекцыю чытаў.

— Пане, проста цуды нейкія.

— Я табе распавяду аб яшчэ больш вялікіх цудах. Усе тыя хлопцы ў бары, яны зусім не адгэтуль, яны зусім зь іншага месца …

— Што ты маеш на ўвазе?

— Яны зь нейкай Мэссагны, у самым канцы Італіі, непадалёк ад Брындызі, дзе караблі ходзяць. Там шмат фігаў і аліваў, яны казалі. — Бары відавочна быў не ў сваёй талерцы.

— Што тут дрэннага? Усе мы аднекуль. — Фіёна дала яму яшчэ вады.

— Гэта іх першая вандроўка ў Рым. Я ня мог іх бачыць, калі быў тут мінулым разам.