Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 255

Мыйв Бінчы

— Так, і ён на сёмым небе. Вы задаволеныя ўсім гэтым, спадар Данн?

— Так, вельмі. — Але ягоны голас гучаў не занадта шчыра.

— Вы не павінны сядзець тут самотна, вы зладзілі гэта разам з Сыньёрай. Дарэчы, дзе яна?

— Сустракаецца зь нейкім сябрам з Сыцыліі. Ці бачыш, яна там раней жыла, — з гаркатой растлумачыў ён.

— Вох, цудоўна.

— Цудоўна для яе, яна вечаруе зь імі.

— Усяго адзін вечар, спадар Данн.

— Колькі нам вядома. — Ён нахмурыўся, нібы дванаццацігадовы хлапчук.

Фіёна глядзела на яго, ня ведаючы на што вырашыцца. Ёй гэтулькі вядома. Напрыклад, яна ведае ўсё аб Нэл, жонцы спадара Данна, якая круціла раман з бацькам Бары. Зараз усё ззаду, але пэрыядычна мігацяць зьдзіўленыя лісты і тэлефанаваньня спадарыні Данн, якая паняцьця ня мае, што Фіёна мае рашучы намер з тым пакончыць. Ад Граніі і Брыджэт Данн Фіёне вядома, што іх бацька нешчасьлівы, ён штодзень зачыняецца ў сваім уласным італьянскім пакойчыку і амаль не выходзіць адтуль. Яна ведае, як ведаюць усе ў viaggio, што ў яго з Сыньёрай каханьне. Развод зараз магчымы нават у Ірляндыі.

Яна ўсьведамляла, што былая Фіёна, Фіёна-баязьліўка, пакінула бы ўсё як яно ёсьць, не палезла бы не ў сваю справу. Але новая Фіёна, шчасьлівая вэрсія, рушыла ў барацьбу. Яна ўдыхнула глыбей. — Сыньёра казала мне надоечы, што дзякуючы вам ажыцьцявілася мроя яе жыцьця. Па яе словах, яна ніколі не пачувалася такім значным чалавекам, пакуль вы не далі ёй гэтую працу.

Спадар Данн адрэагаваў стрымана. Не на такі адказ яна спадзявалася. — Гэта было да яе сустрэчы з гэтымі сыцылійцамі.

— Сёньня яна паўтарыла гэта, — схлусіла Фіёна.

— Сапраўды? — цалкам па-дзіцячаму перапытаў ён.

— Спадар Данн, магу я размаўляць з вамі шчыра? Толькі ўсё павінна застацца паміж намі.

— Вядома можаш, Фіёна.

— І вы ніколі не распавядзеце нікому то, аб чым я скажу, асабліва Граніі з Брыджэт?

— Абяцаю.

Фіёна адчула млосьць. — Пэўна, мне трэба выпіць.

— Кава, шклянка вады?

— Бадай, брэндзі.

— Калі справы такія кепскія, мне таксама не пашкодзіць брэндзі, — вымавіў Эйдан Данн. Стольнік спраўна выканаў іх замову.

— Спадар Данн, вы ведаеце, спадарыні Данн няма тут з вамі.

— Я зазначыў.

— Тут, як бы вам сказаць, мелі месца не занадта прыстойныя паводзіны. Ці бачыце, яна сябруе, дакладней кажучы, значна больш як сябруе, з бацькам Бары. А маці Бары, яна кепска гэта ўспрыняла. Ну, вельмі кепска. Яна спрабавала скончыць жыцьцё самагубствам з-за ўсяго тага.

— Што? — Эйдана Данна патрэсла пачутае.

— Як бы то ні было, зараз усё ззаду, усё скончылася ў вечар festa у Выгляд-На-Гару. Калі памятаеце, спадарыня Данн сышла дахаты трохі пасьпешна, і зараз маці Бары суцешылася, а яго бацька больш не падтрымлівае, скажам так, нясьціплага сяброўства са спадарыняй Данн.

— Фіёна, гэта ўсё хлусьня.

— Гэта ўсё насамрэч так, спадар Данн, але вы пакляліся і паабяцалі не гаварыць нікому.

— Трызна нейкая.

— Не, ня трызна, шчырая праўда. Можаце спытаць вашу жонку, калі вернецеся дахаты. Яна адзіны чалавек, з кім вы можаце аб тым гаварыць. Але можа лепш наогул не чапаць тую тэму. Бары ні аб чым ня ведае, Гранія і Брыджэт таксама, які сэнс хваляваць усіх гэтым. — Яна выглядала такой шчырай у сваіх вялізных акулярах, што адблісквалі усімі агнямі карчмы, што Эйдан канчаткова даў ёй веры.