Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 254

Мыйв Бінчы

— Гады, чортавы гады адзіноты. — Коні змахнула няпрошаную сьлязу жалю да сабе і рашуча накіравалася да стольніка. Яна разьлічылася па рахунку і не забылася на гасьцінец.

— Grazie, tante grazie, Signora, — падзякаваў ён.

Сыньёра! Яна, мусіць, вярнулася, а ў Коні для яе неспадзеўка. Усё гэта падавалася ёй куды больш рэальным, як сумная жанчына, што сядзіць у гэтай піцэрыі. Жанчына, якая вялікую частку свайго жыцьця была палюбоўніцай яе мужа, якая прыехала ў Рым, каб забіць яе. Коні кінула на Сабіну Кэсі кароткі погляд, але ня стала разьвітвацца. Ёй больш няма чаго было сказаць.

У пабе, куды Бары і Фіёна прыйшлі шукаць сяброў па Чэмпіянаце Сьвету, стаяў страшэнны гоман.

— Мы сядзелі вось у гэтым куту, — паказаў Бары.

Натоўп маладзёнаў згрудзіўся поруч прыстойнага узвышэньня з тэлевізарам. Перадавалі матч. Усе хварэлі супраць Ювэнтасу. Ня мела значэньня, за каго яны, Ювэнтас быў агульным ворагам. Гульня ўжо пачалася, і Бары на час адклаў свае пошукі. Фіёна глядзела зь ня меншай цікавасьцю і разам з ўсімі закрычала, абурыўшыся няслушным рашэньнем судзьдзі.

— Любіш футбол? — зьвярнуўся да яе нейкі хлопец.

Бары неадкладна абняў яе за плечы. — Трохі разьбіраецца, а я быў тут, у гэтым самым пабе, падчас Чэмпіянату Сьвету. Ірляндыя.

— Ірляндыя! — прыйшоў у захапленьне хлопец. Бары выцягнуў фатаграфіі, на якіх радасна екатаў такі ж натоўп, як зараз, толькі больш размалёваны. — Джына, — прадставіўся суразмоўца, і паказаў фатаздымкі сябрам. Тыя падышлі і прыняліся пляскаць Бары па сьпіне. Паўль Макграт, Чезарына, Хоугтан, Чарлтан назваліся яны. Выдатныя хлопцы. Піва палілося ракой.

Фіёна страціла нітку гутаркі. Пачынала балець галава. — Бары, каханы, адпусьці мяне ў гатэль. Тут ісьці ўвесь час напрамкі ўздоўж Віа Джіаваньні, і я памятаю, дзе збочыць налева.

— Ня ведаю …

— Калі ласка, Бары, прашу цябе.

— Бары, Бары, — прысьпешвалі яго сябры.

— Добра ўжо, — пагадзіўся ён.

— Я пакіну дзьверы адчыненыя, — паабяцала яна, і даслала яму паветраны пацалунак.

На гэтых вуліцах яна пачувалася гэтак жа ўпэўнена, як у сваім раёне Дубліна. Радуючыся, што Бары адшукаў сваіх сяброў, Фіёна марудліва крочыла ў бок гатэлю. Іх вялікае ўзьяднаньне выглядала даволі дзіўным, спачатку яны нават імёнаў адно аднаго ня ўзгадалі. Але, магчыма, для мужчын гэта нармалёвая зьява. Фіёна загледзелася на скрыні з гераньню і бягоніямі пад вокнамі, рассаджанымі па збанках. Яны выглядалі значна ярчэй за хатнія. Уся справа, зразумела, у надвор'і. Пад такім сонцам што заўгодна расьці будзе.

Праходзячы паблізу карчмы яна ўбачыла спадара Данна, які самотна сядзеў над куфлем піва, яго вочы за тысячу міль адгэтуль. Падпарадкаўшыся раптоўнаму парыву, Фіёна пхнула дзьверы і падышла да яго. — Дабрывечар, спадар Данн … і вы і я сёньня прадстаўленыя самі сабе.

— Фіёна! — ён зь відавочнай напругай вярнуўся да рэчаіснасьці. — А дзе Барталамеа?

— З сваімі футбольнымі сябрамі. У мяне разбалелася галава, таму ён адпусьціў мяне дахаты.

— А, ён адшукаў іх. Як выдатна! — Спадар Данн стомлена, ласкава ўсьміхнуўся.