Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 20

Мыйв Бінчы

— Тоні, праз пяць хвілін званок.

— Трасца на той званок, — Тоні напалову выштурхаў, напалову выцягнуў яго з настаўніцкай.

У бібліятэцы дзьве дзяўчынкі з Шостага Кляса зьдзіўлена паглядзелі на іх.

— Прэч, — безапэляцыйна вымавіў Тоні А’Брайн.

Адна зь іх паспрабавала абурыцца. — Але мы займаемся тут, нам трэба праглядзець…

— Вы мяне чулі?

Гэтым разам да яе дайшло і яны зьніклі.

— Напрамілы Бог, нельга так ставіцца да дзяцей, мы павінны заахвочваць іх да працы ў бібліятэцы, а не вышпурляць іх адсюль, як нейкія качкі у тых начных клюбах, дзе ты бавіш час. Які прыклад ты ім падаеш?

— Мы тут не дзеля таго, каб падаваць ім прыклад, мы тут каб вучыць іх. Укласьці трохі ведаў у іх галовы. Толькі і ўсяго.

Эйдан ашаломлена зірнуў на яго і загаварыў. — Я быў бы табе вельмі ўдзячны, калі б ты спыніў выкладаць мне перавагі сваёй недаробленай філязофіі шыбеніка. Як у дадзены момант, так і ў любы іншы час. А зараз дазволь мне вярнуцца ў кляс.

— Эйдан, — Голас Тоні А’Брайна зьмяніўся. — Эйдан, паслухай мяне. Я буду Дырэктарам. Яны зьбіраюцца агучыць адозву на наступным тыдні, але, мабыць, будзе лепш, калі я параю ім зрабіць гэта сёньня.

— Што, што… Чаму ты так робіш? — Эйдан пачуваўся так, быццам яго штурханулі ў жывот. Ўсё адбылося занадта хутка, ён ня быў гатовы. Але ж няма ніякіх доказаў. Пакуль нічога ня скончана.

— Каб ты мог выкінуць з галавы тую лухту, каб наогул ня цыкліў на тым, што атрымаеш гэтую працу… даймаючы сябе, даймаючы іншых… вось чаму.

Эйдан паглядзеў на Тоні А’Брайна. — Чаму ты так абыходзісься са мной, Тоні, чаму? Ты вырашыў, што яны аддадуць пасаду табе, і перш за ўсё цягнеш мяне сюды, тыцкаеш у гэта носам, у той факт што ты… ты, які пальцам не варухнуў дзеля Выгляд-На-Гару, зьбіраесься атрымаць гэтую працу? У цябе сумленьне ёсьць? Няўжо ты нават ня здольны пачакаць, пакуль Рада прапануе табе гэтае месца, а ўжо потым злараднічаць? Няўжо ты такі саманадзейны, такі нецярплівы…?

— Эйдан, ты ня можаш заставацца ўпэўнены, што прызначаць цябе. Няўжо гэты стары асёл Уолш не сказаў табе? Яны прасілі яго расчыніць табе карты, ён ўпэўніў, што сапраўды паразмаўляў з табой.

— Ён казаў, што ёсьць шанец на тваё прызначэньне, і яшчэ, што ён будзе шчыра шкадаваць, калі гэта здарыцца.

Дзіця прасунула галаву ў дзьверы бібліятэкі і са зьдзіўленьнем утаропілася на дзьвюх пабарвавеўшых настаўнікаў, якія стаялі твар да твару поруч стала.

Тоні А’Брайн выдаў рык, што амаль узняў хлапчука ў паветра. — Выбірайся адсюль да д’ябла, шчанюк, вяртайся ў кляс.

Спалатнеўшы, той зірнуў на Эйдана Данна за пацьверджаньнем.

— Дэклан, хлопчык мой, няхай кляс разгорне Вяргілія, я хутка буду. — Дзьверы зачынілася.

— Ты ведаеш іх усіх па імёнах, — зьдзіўлена зазначыў Тоні А’Брайн.

— Ты ледзь ведаеш хоць кагосьці зь іх, — холадна адказаў Эйдан.

— Ведаеш, быць Дырэктарам ня значыць дзейнічаць, як пэрсанаж Дэйла Карнэгі, Спадар Выдатны Хлопец.

— Вядомая рэч, не, — пагадзіўся Эйдан. Зараз яны дыхалі значна спакайней, гнеў і лютасьць пацішэлі.

— Мне спатрэбіцца твая дапамога, Эйдан, калі мы прагнем трымаць гэтую ўстанову на плаву.