Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 21

Мыйв Бінчы

Але Эйдан быў непахісны, зацяты ў сваім расчараваньні і зьневажаньні. — Не, ты просіш ад мяне зашмат. Можа, я і згодлівы чалавек, але зрабіць тое ня здольны. Не магу застацца тут. Не.

— Але што ты будзеш рабіць, дзеля ўсяго сьвятога?

— Я яшчэ сёе-тое каштую, ёсьць месцы, дзе мне будуць радыя, нават калі тут лічаць інакш.

— Ты дурань, яны ж разьлічваюць на цябе тут. Ты краевугольны камень Выгляд-На-Гару, ты ж ведаеш.

— Нядосыць краевугольны, каб мне стаць Дырэктарам.

— Можа, я здолею растлумачыць табе гэта? Праца Дырэктара зьмянілася. Ім не патрэбен мудры прапаведнік у гэтым фатэлі… ім патрэбен хтосьці з гучным голасам, той, хто не баіцца спрачацца зь Віце-Канцлерам па Адукацыі, з Дэпартамэнтам Адукацыі, хто можа ўсьцерагчы школу ад вандалізму і наркотыкаў, мець справы з бацькамі, калі яны пачынаюць чаўпці…

— Я ня здольны працаваць пад тваім кіраўніцтвам, Тоні, я не паважаю цябе як настаўніка.

— Табе ніхто і не прапануе паважаць мяне як настаўніка.

— Я не магу пагадзіцца з тым, што ты робіш, альбо з тым, што ты ігнаруеш.

— Дай мне прыклад, адзіны прыклад, зараз жа. Аб чым ты разважаеш,калі ідзеш паўз школьную браму… што ты зробіш, стаўшы Дырэктарам?

— Я зьбіраюся пафарбаваць школу, яна брудная, абадраная…

— Добра, файна. Я таксама зьбіраюся зрабіць гэта.

— Пустыя словы.

— Не, Эйдан, тое не пустыя словы. Больш таго, я ведаю, як гэта арганізаваць. Вось ты ня ведаеш, зь якога боку падступіцца. Я зьбіраюся запрасіць сюды з фотаапаратам знаёмага маладога рэпарцёра зь вячэрняй газэты і зрабіць артыкул пад назвай Прыгожы Выгляд-На-Гару, што зьверне ўвагу на аблезлыя фарбы, іржавыя парэнчы, сьляды ад літар, што даўно абваліліся.

— Як ты можаш так зьневажаць школу?

— Гэта не зьневажаньне. На наступны дзень пасьля зьяўленьня артыкула я атрымаю згоду Рады на буйнамаштабныя аздобныя працы. У нас зьявіцца магчымасьць абвясьціць аб дэталях праекту, прыцягнуць спонсараў… прапанаваць сьпіс неабходных прац і матэрыялаў… сам ведаеш, пакінуць яго ў гандлёвых цэнтрах, у крамах, дзе прадаюць фарбу, зварачнае жалеза… для падпіскі… У мяне падрыхтаваны сьпіс даўжынёй з маю руку.

Эйдан апусьціў погляд на ягоныя рукі. Так, сам ён ніколі ня здолеў бы прыдумаць штосьці падобнае, плян, асуджаны на зьдзяйсьненьне. Да налецьця Выгляд-На-Гару будзе зіхацець, яму такога ніколі не дасягнуць. Ён адчуў сябе яшчэ больш гаротным. — Я не магу застацца, Тоні. Мяне зьняважылі, абышлі.

— Але ж ніхто і ня думаў, што прызначаць цябе.

— Я думаў, — адказаў ён шчыра.

— Ну добра, тады зьневажаньне, аб якім ты кажаш, існуе толькі ў тваім уяўленьні.

— І мая сям'я, вядома… яны ўпэўненыя, што пасада ў мяне ў кішэні… яны зьбіраюцца сьвяткаваць маё прызначэньне.

Гэта захраснула ў Тоні ўпоперак гарляка. Ён ведаў, усё так і ёсьць. Палкая дачка гэтага чалавека ганарылася новай пасадай свайго бацькі. Але часу на сантымэнты не засталося, трэ было дзейнічаць.

— Тады дай ім падставу для сьвяткаваньня.

— Якую, напрыклад?

— Уяві, што не было аніякіх гонак за Дырэктарскім фатэлем. Уяві, што ты здольны заняць нейкае становішча ў школе, прапанаваць нешта новае… зладзіць штосьці… Што бы табе карцела зрабіць?