Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 22

Мыйв Бінчы

— Паслухай, я ведаю, ты прагнеш лепшага, Тоні, я ўдзячны табе, але ў дадзены момант я не зьбіраюся нічога ўяўляць, прытварацца.

— Я Дырэктар, як ты ня ўцяміш. Я магу рабіць усё, што лічу патрэбным. Тут няма ніякай прытворнасьці. Мне неабходна, каб ты быў на маім баку. Неабходна, каб ты быў энтузіястам, а не Фантанам Сьлёз. Адкажы мне, дзеля Бога, што бы ты рабіў, калі б атрымаў карт-блянш.

— Ну, табе тое не спадабаецца, бо не дасі школе адмысловай карысьці, але на маю думку, нам патрэбны вечаровыя клясы.

— Што?

— Ну вось, я ж казаў, табе не спадабаецца.

— Я не кажу, што мне не падабаецца. Якія менавіта вечаровыя клясы?

Мужчыны размаўлялі ў бібліятэцы і, як ні дзіўна, у іх клясах было неверагодна ціха. Звычайна шум у клясе, пакінутым без настаўніка, дасягае найвышэйшых дэцыбелаў. Але дзьве старанныя дзяўчынкі, выправаджаныя спадарам А’Брайнам зь бібліятэкі, кінуліся ў кляс з навіной аб сваім выгнаньні і аб тым, які быў твар у спадара А’Брайна. Было вырашана, што настаўнік геаграфіі распачаў вайсковыя дзеяньні, і што да яго прыходу лепш сядзець як мага цішэй. Ім ужо даводзілася бачыць яго ў некаторым раздражненьні, таму нікому не карцела выпрабаваць ягоны благі гумор на ўласнай скуры.

Дэклан, якому загадалі, каб кляс падрыхтаваў Вяргілія, паведаміў, панізіўшы голас: — На маю думку, у іх адбылася бойка. Твары ў іх чырвоныя, у абодвух, і спадар Данн вымаўляў так, быццам у яго ў сьпіне нож.

У іх акругліліся вочы. За Дэкланам не заўважалі багатага ўяўленьня, таму гэта павінна было быць праўдай. Усе паслухмяна выцягнулі з партфэляў Вяргілія. Яны не чыталі, не перакладалі, гэта не ўваходзіла ў інструкцыі, але ў кожнага дзіцяці на стале ляжаў напагатове разгорнуты асобнік чацьвёртай кнігі Энэід, і яны з жахам пазіралі на дзьверы, чакаючы, што спадар Данн зьявіцца там хістаючыся, заліты крывёй.

Днём была зроблена абвестка. Яна складалася з двух частак.

Па пілётнай схеме Навучальныя Клясы Для Сталых пачнуцца ў верасьні пад кіраўніцтвам спадара Эйдана Данна. Цяперашні Дырэктар, спадар Джон Уолш, дасягнуў пэнсійнага веку і сыходзіць у адстаўку, спадкаемцам прызначаны спадар Энтані А’Брайн.

У настаўніцкай віншаваньняў Эйдану гучала ня менш за Тоні. Адкаркавалі дзьве бутэлькі шампанскага і выпілі за герояў дня.

Абмяркоўвалі вечаровыя клясы. Такая ідэя ўжо прапаноўвалася дагэтуль, але штораз яе адпрэчвалі. Няўдалае месцазнаходжаньне школы, значная канкурэнцыя з боку іншых Навучальных Цэнтраў Для Сталых, цяжкасьці з апалам, дадатковая нагрузка на вартаўніка, агульныя патрабаваньні да самазабесьпячэньня Вечаровых Клясаў. Як усё гэта атрымалася абмінуць?

— Мусібыць, Эйдан упэўніў іх, — шырока ўсьміхнуўся Тоні А’Брайн, падліваючы шампанскае ў школьныя кубкі.

Надышоў час рушыць па хатах.

— Ня ведаю, што і сказаць, — зьвярнуўся Эйдан да свайго новага Дырэктара.

— Справа зроблена. Ты атрымаў жаданае, выпраўляйся дахаты — да жонкі, да сям'і — і распавядзі ім. Менавіта гэтае табе патрэбна. Ты ж ня прагнеш з ранку да ночы біцца зь людзьмі, што і азначае быць Дырэктарам. Памятай аб тым, калі будзеш размаўляць з хатнімі.