Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 18

Мыйв Бінчы

— З трох спроб, — Брыджэт пацягнулася за наступным скрылікам сыру і лустам хлебу для тосту.

— Яна вельмі адказная, вы абедзьве такія, — Нэл зьняла слухаўку.

Эйдану стала цікава, наколькі адказна з боку адной зь яго дачок было правесьці ноч з чалавекам, якога іншая назвала важным спатканьнем. У чыёй надзейнасьці ўсяго тыдзень таму яна не была ўпэўненая… Услых аб тых сумненьнях Эйдан нічога казаць ня стаў.

— Вядома, выдатна. Добра. Ты нармалёва апранутая для банка ці табе трэба заскочыць дахаты? А, ты захапіла жакет, як удала. Добра, люблю цябе, убачымся ўвечары.

— І як яна табе здалася? — спытаў Эйдан.

— Паслухай, Эйдан, не пачынай. Бо мы дамовіліся. Граніі значна лепей заставацца ў Фіёны, як дабірацца ўначы дахаты.

Ён хітнуў. Ні ў каго зь іх і думкі не было, што Гранія начавала ў Фіёны.

— Ніякіх праблем? — спытаў Тоні.

— Не, я ж табе казала… яны лічаць мяне сталай.

— Я таксама, але на свой капыл, — ён дацягнуўся да яе, хоць яна і сядзела на крайку ложка.

— Не, Тоні, няма часу. Пара на працу. Мне трэба ў банк, табе ў Выгляд-На-Гару.

Прыемна — яна памятае назву месца, дзе ён працуе. — Не, ім абыякава. Занадта нядбайныя, дазваляюць настаўнікам вялікую частку часу бавіць, як заманецца.

Яна засьмяялася. — Вось ашуканец, трэба ж такое надумаць. Выпраўляйся ў душ, я зраблю трохі кавы. Дзе ў цябе машына?

— Баюся, кава ў мяне толькі распушчальная.

— Баюся, мне гэта не падыходзіць, спадар А’Брайн, — яна пакруціла галавой у няшчырым абурэньні. — Усё гэта павінна быць тут, калі я зноў наведаю вас.

— Спадзяюся, вы наведаеце мяне сёньня ўвечары, — адказаў ён.

Іх вочы сустрэліся. У іх не было падвоху.

— Так, калі тут будзе сапраўдная кава.

— Лічы, ужо зроблена.

Гранія зьела тост, Тоні высмаліў дзьве цыгарэты.

— Табе сапраўды пара з тым канчаць, — адзначыла яна. — Ты ўсю ноч пыхкаў, як паравоз.

— Гэта ад запалу.

— Не, ад цыгарэт, — яна была непахісная.

Магчыма, магчыма, для гэтай жвавай, яркай, маладой жанчыны ён зможа, ён сапраўды зможа пазбавіцца ад дурной звычкі. Дрэнна, што ён гэтулькі старэй за яе, ня годна, што ён так цяжка дыхае. — Ведаеш, я здолею зьмяніцца, — вымавіў ён сур'ёзна. — Я павінен шмат што зьмяніць у маім жыцьці ў сувязі з працай, але галоўнае, зараз, калі я сустрэў цябе, я адчуваю ў сабе моц пазбавіцца ад плоймы ўсялякага глупства.

— Павер, я дапамагу табе, — Гранія працягнула яму руку праз стол, — а ты павінен дапамагчы мне. Ня дай маім мазгам саржавець. Я нават забыла, як выглядаюць кнігі, калі скончыла школу. Трэба зноў пачаць чытаць.

— Бадай, мы абодва павінны ўзяць тайм-аўт, каб замацаваць абяцаньня, — толькі напалову пажартаваў ён.

— Гэй, нават ня думай адкласьці гэта на наступны сэмэстар, — яна засьмяялася.

— Прычым тут наступны сэмэстар? — Адкуль ёй вядома аб яго падвышэньні? Ніхто нічога ня ведае за выключэньнем Рады, якая прапанавала яму гэтую працу. Да абвяшчэньня ўсё павінна захоўвацца ў найстражэйшай таямніцы.

Яна не зьбіралася распавядаць яму пра свайго бацьку, але пасьля ўсяго, што адбылося, падавалася бессэнсоўным маўчаць далей. Так ці інакш, неўзабаве ўсё стане вядома, а яна так ганарылася новай пасадай таты. — Ну, ты ж захочаш ладзіць з маім бацькам, а ён хутка стане Дырэктарам Выгляд-На-Гару.