Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 19

Мыйв Бінчы

— Кім стане твой бацька?

— Да наступнага тыдня гэта сакрэт, але думаю, усе і так зьмікіцілі.

— Як клічуць твайго бацьку?

— Данн, як мяне. Ён настаўнік латыні, Эйдан Данн. Памятаеш, калі мы пазнаёміліся, я запытала аб ім?

— Ты не казала, што гэта твой бацька.

— Не, народу было шмат і мне не карцела, каб мае словы гучалі занадта па-дзіцячаму. А потым выпадку не было.

— А Божа ж мой, — выгукнуў Тоні А’Брайн. Ён зусім не выглядаў задаволеным.

Гранія прыкусіла губу і пашкадавала, што наогул завяла аб гэтым прамову, — Калі ласка, не кажы яму, што ты ведаеш.

— Ён сказаў табе аб тым? Што ён будзе Дырэктарам? — па твары Тоні А’Брайна цяжка было не зразумець, што ён у шоку. — Калі? Калі ён табе гэта сказаў? Даўно?

— Размова ідзе ўжо шмат гадоў, але ўчора за вячэрай ён пацьвердзіў.

— Учора ўвечары? Не, ты, пэўна, памылілася, ты нешта кепска зразумела.

— Я усё зразумела дакладна, мы размаўлялі аб гэтым як раз перад тым, як я сышла на спатканьне з табой.

— І ты сказала яму, што са мной сустракаесься? — ён выглядаў амаль звар'яцелым.

— Не. Тоні, у чым справа?

Ён сьціснуў абедзьве яе рукі ў сваіх і вымавіў вельмі марудна, дбайна падбіраючы словы. — Важней за гэта я нічога не казаў за ўсё маё жыцьцё. За ўсё маё доўгае жыцьцё, Гранія. Ты не павінна, ніколі не павінна казаць свайму бацьку аб тым, што ты сказала мне зараз. Ніколі.

Яна нэрвова засьмяялася і паспрабавала вызваліць рукі. — Ох, спыніся, ты паводзіш сябе, быццам герой мэлядрамы.

— Нейкім чынам, шчыра кажучы, так я сябе і адчуваю.

— Я не павінна казаць бацьку, што сустрэла цябе, пазнаёмілася з табой, што ты мне падабаесься… Што ж гэта за адносіны? — яе вочы бліснулі на яго праз стол.

— Не, вядома, мы распавядзём яму. Але пазьней, трошкі пазьней, спачатку я павінен яму сёе-тое сказаць.

— Скажы мне, — папрасіла яна.

— Не магу. Дзеля ўсяго сьвятога, даверся мне зараз і павер, што я жадаю зрабіць усё як мага лепш.

— Аб якім даверы ты кажаш, калі не жадаеш растлумачыць, што азначаюць усе гэтыя загадкі?

— Яны азначаюць давер.

— Яны азначаюць, што ад мяне нешта хаваюць, вось што яны азначаюць, і гэта брыдка.

— Што ты губляеш, даўшы мне веры, Гранія? Паслухай, два тыдні таму мы яшчэ нават не былі знаёмыя, зараз мы лічым, што кахаем адно аднаго. Чаму ты ня можаш даць мне адзіны дзень, каб усё ўладкаваць? — ён падняўся і апрануў пільчак. Для чалавека, які ўпэўніваў, што ў Школе Выгляд-На-Гару ўсе робяць што жадаюць і могуць зьяўляцца на працу, калі заманецца, Тоні А’Брайн залішне сьпяшаўся.

Эйдан Данн расхаджваў па настаўніцкай. Ён выглядаў зьлёгку ўсхваляваным, нават узбуджаным. Ягоныя вочы ненатуральна бліскацелі. Ці апаноўваюць яго нейкія ілюзіі? Або ён падазрае, што любую дачушку спакусіў ягоны аднагодак? Чалавек у дзесяць разоў меней надзейны за яго?

— Эйдан, мне трэба паразмаўляць з табой вельмі, вельмі сур'ёзна, — паволі шапнуў Тоні А’Брайн.

— Магчыма, пасьля заняткаў, Тоні…

— Неадкладна. Хадзем у бібліятэку.