Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 17

Мыйв Бінчы

Яна не згадзілася пайсьці да яго, але была зь ім шчырая. Яе не палохае сэкс, яна наўпрост пакуль не гатовая да такіх стасункаў зь ім, вось і ўсе, і калі яны зьбіраюцца быць побач, яны павінны паважаць адно аднаго і ні адзін зь іх не павінен прысьпешваць іншага. Ён пагадзіўся зь ёй, яна разважала цалкам слушна. І аднойчы ўсё адбудзецца. Звычайна ён расцэньваў такі адказ як выклік, але ня з Граніей. Ён гатовы чакаць. А яна запэўніла яго, што не зьбіраецца гуляць зь ім у гульні.

Ён убачыў, як яна ўваходзіць у бар і адчуў сябе такім лёгкім і шчасьлівым, якім даўно ўжо ня быў. Ён таксама не зьбіраўся гуляць у ніякія гульні. — Цудоўна выглядаеш, — павітаўся ён, — Дзякуй, што так дбайна апранулася для мяне. Шаную.

— Ты таго каштуеш, — адказала яна проста.

Яны выпілі разам, як людзі, даўно і добра знаёмыя, перабіваючы, сьмеючыся, сьпяшаючыся выслухаць адно аднаго.

— Ёсьць безьліч рэчаў, якімі мы можам заняцца сёньня, — адзначыў Тоні А’Брайн. — Сёньня вечар Новага Арлеану, ну ты ведаеш, ежа па-крэольскі і джаз у адной кавярні, яшчэ той фільм, што мы абмяркоўвалі ўчора ўвечары… альбо я магу прыгатаваць для цябе нешта. Пакажу табе, які я файны кухар.

Гранія засьмяялася, — Прыгатуеш мне Качку Па-Пэкінскі? Бачыш, я памятаю, у табе па суседзтве кітайская ўстанова.

— Не, калі ты прыйдзеш да мяне, я буду кухарыць для цябе сам. Каб давесьці цябе, як шмат гэта для мяне значыць, — даўно Тоні А’Брайн не размаўляў так шчыра.

— Я з задавальненьнем пайду да табе, Тоні, — Гранія адказала вельмі адкрыта, без усялякай штучнасьці.

Эйдан спаў прыхваткамі, але досьвіткам адчуў сябе бадзёрым і сьвежым. Усё з чаго ён зыходзіў — марныя словы старога Дырэктара. А людзям уласьціва памыляцца. Галасаваньня яшчэ не было, дык няма аб чым хвалявацца, шукаць апраўданьні, нешта рабіць, ставіць крыж на кар'еры. Ён зразумеў гэта і сёньняшні дзень будзе значна, значна лепей.

Ён паразмаўляе са спадарам Уолшам, Дырэктарам, і спытае яго цьвёрда ды нацянькі, ці мелі пад сабою зробленыя ім некалькі дзён таму заўвагі нейкія падставы і доказы, альбо гэта марныя меркаваньні. Урэшце, як чалец Рады, які не галасуе, ён таксама можа апынуцца і ня слухаючым чальцом іх нарад. Ён будзе сьціслы, сказаў сабе Эйдан. Яго загана — прага да зацягваньня. Але ён будзе гранічна ясны. Як казаў Гарацый? У Гарацыя меліся выразы на ўсялякі выпадак. Brevis esse laboro/obscurus fio. Так і ёсьць, чым больш я сьціслы, тым лягчэй мяне зразумець. У кухні Брыджэт і Нэл пераглянуліся і сьцепанулі плячыма, пачуўшы ягоны сьвіст. Ён ня вельмі добра сьвістаў, ды ніхто ўжо і ня памятаў, калі ў апошні раз спрабаваў ён тое рабіць.

Крыху пасьля васьмі зазваніў тэлефон.