Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 16

Мыйв Бінчы

— На жаль, права голасу ён ня мае, таму мне ад яго карысьці няшмат, — Эйдан выдаў лёгкі нэрвовы сьмяшок.

— Але ж цябе прызначаць, тата? — настойвала Брыджэт.

— Загадзя ніколі невядома. Людзі прад'яўляюць розныя патрабаваньні да якасьцяў, якімі павінен валодаць Дырэктар. Я даволі спакойны і дасьведчаны, але магчыма, у нашы дні важна іншае, — ён разьвёў рукамі, паказваючы, што ўсё гэта ад яго не залежыць і ня мае для яго асаблівага значэньня.

— Каго яны могуць прызначыць, калі не цябе? — імкнулася ўдасканаліць Гранія.

— Калі б я ведаў, дык мусіў бы складаць гараскопы. Можа, хто з боку, альбо хтосьці з нашых, каго мы не прымалі ў разьлік… — гэта прагучала дабразычліва і непрадузята, — Праца дастанецца лепшаму. Усё надзвычай проста.

— Але ж ты ня лічыш, што яны пракінуць цябе? — ускінула бровы Нэл.

Было ў яе тоне нешта ненавіснае. Гэта было сумненьне ў тым, што ён можа падаць падзеям ісьці сваёй чаргой. Гэта было слоўца «пракінуць», такое недапушчальнае, такое крыўднае. Але ёй і ў галаву не магло прыйсьці, што тое ўжо здарылася.

Эйдану карцела, каб яго ўсьмешка выглядала ўпэўненай. — Пракінуць? Мяне? Ніколі! — выгукнуў ён.

— Я з табой згодна, тат, — зацьвердзіла Гранія, перш як падняцца на другі паверх, каб правесьці наступныя пару гадзін у ваннай, дзе яна, здаецца, больш не заўважала прыгожых выглядаў Вэнэцыі на сьцяне, толькі свой твар у люстэрку і свае турботы наконт таго, ці досыць добра яна выглядае для ўсялякіх плянаў на сёньняшні вечар.

Гэта было іх шостае спатканьне. Зараз Гранія дакладна ведала — ён не жанаты. Яна задала досыць пытаньняў, каб прымусіць яго абмовіцца. Кожную ноч дагэтуль ён запрашаў яе зазірнуць да яго на каву. Кожную ноч дагэтуль яна адмаўлялася. Але сёньня, магчыма, будзе інакш. Ён ёй сапраўды да спадобы. Шмат ведае аб усім і значна цікавей за мужчын яе веку. І ён не такі балбатун сярэдніх гадоў, які спрабуе падацца дваццацігадовым.

Існавала адзіная праблема. Тоні працаваў у татавай школе. Яна з самага пачатку спытала яго, ці ведае ён Эйдана Данна, але не распавяла, што гэта яе бацька. У яе не было жаданьня падкрэсьліваць іх розьніцу ва ўзросьце. Увогуле, знаёмства Тоні з Даннам не азначае, што яны маюць зносіны. Значыцца няма аб чым казаць таце, прынамсі, пакуль гэта не апынулася чымсьці сур'ёзным, калі яно апынецца. Гранія зрабіла сабе ў люстэрку дурную рожу, — Магчыма, Тоні пачне ставіцца да яе яшчэ лепш, калі яна будзе дачкой Дырэктара.

Тоні сядзеў у бары і глыбока зацягваўся цыгарэтай. Гэта была адна з тых звычак, ад якіх ён зьбіраўся пазбавіцца, стаўшы Дырэктарам. З паленьнем сапраўды прыйдзецца скончыць. А магчыма, яшчэ і з абедзеннымі пінтамі. Ніхто ў вочы не казаў яму аб тым, але сякія-такія намёкі былі. Бог ты мой. Ну ды добра. Не занадта вялікі кошт за добрую працу. Да таго ж яны не кранаюць яго асабістае жыцьцё. Урэшце, хоць гэта і Сьвятая Каталіцкая Ірляндыя, але на двары ўжо 1990-е.

Надоечы ён як раз спаткаў дзяўчыну, якая сапраўды завалодала яго думкамі, прычым сур'ёзна. Яркая, жвавая дзеўчына па імі Гранія. Працуе ў банку. Вострая на язычок, але зусім ня рэзкая і не хмулатая. Зь цёплым, пяшчотным позіркам. Такую ня часта выпадае сустрэць. Ёй дваццаць адзін і гэта, вядома, праблема. Яна больш як удвая маладзей за яго, але ёй не заўсёды будзе гэтулькі. Калі яму стукне шэсьцьдзесят, ёй будзе трыццаць пяць, а гэта, калі ўдумацца, ужо палова ад сямідзесяці. Розьніца ўвесь час будзе скарачацца.