Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 15

Мыйв Бінчы

— Упэўнены, ты працаваў, а не забаўляўся… — пачаў ён.

Але Тоні А’Брайн ня меў настрою выслухваць марныя заўвагі: — Мусібыць, сорак пяць — свайго кшталту водападзел. Палова ад дзевяноста, гэта аб чымсьці кажа. Але ня ўсе мы гатовыя тое пачуць. — Ён асушыў шклянку і абмакнуў вусны.

— Яна таго каштавала? У сэнсе — мінулая ноч?

— Хто ведае, Эйдан. Я сустрэў цудоўнай дзеўчыну, але што ў тым добрага, калі табе трэба паўстаць твар да твару з Чацьвёртым Клясам, — ён патрос галавой, быццам сабака, які выходзіць з мора і спрабуе пазбавіцца вады. І гэты чалавек зьбіраецца кіраваць Школай Выгляд-На-Гару бліжэйшыя дванаццаць гадоў, тым часам як стары небарака Данн сядзіць склаўшы рукі і дазваляе таму адбыцца. Тоні А’Брайн зь сілай пляснуў яго па плячу: — І усё ж ave atque vale, як вы, лаціняне, кажаце. Я выдужаю, усяго праз чатыры гадзіны і тры хвіліны ў маёй руцэ апынецца жыватворная пінта.

Эйдан паняцьця ня меў, што Тоні А’Брайну вядомы на латыні хоць бы такія словы як прывітаньне ці да пабачэньня. Сам ён ніколі не ўжываў у настаўніцкай лацінскіх выразаў, бо шматлікія калегі іх не разумеюць, і ня варта ставіць іх у няспраўнае становішча. Гэта лішні раз адлюстроўвала, наколькі небясьпечна недаацэньваць ворага.

Дзень мінуў як міналі ўсе дні, незалежна ад таго, пакутавалі вы ад пахмельля, як Тоні А’Брайн, ці ў вас было цяжка на сэрцы, як у Эйдана Данна. І наступны мінуў, і яшчэ адзін. Эйдан так і не спыніўся на якімсь адным пляне дзеяньняў. Ён ніяк ня мог вылучыць прыдатны момант, каб распавесьці хатнім, што ягоныя мары на пост Дырэктара парахнелі. Фактычна, ён вырашыў, што прасьцей нічога не казаць, пакуль не абвесьцяць рашэньне. Хай гэта будзе неспадзеўка для ўсіх.

І ён не адмовіўся ад намеру зрабіць уласны пакой. Прадаў абедзенны стол і крэслы, набыў маленькі пісьмовы стол. Калі жонка працавала ў рэстарацыі Квеньцін, а дачкі ўцякалі на спатканьні, ён садзіўся і абмяркоўваў, як ён усё ўладкуе. Патроху ён зьбіраў мазаіку сваёй мроі: ня першай маладосьці рамкі для малюнкаў, невялічкі стол пад вакно, шырокая танная сафа, што прыйшлася рыхт у рыхт па памеры. Надыдзе дзень, калі ён купіць пакрыцьцё на падлогу, нешта ў залатых або жоўтых, сонечных тонах і прыдбае квадратны дыван з пырскамі іншых колераў: памяранцавага, пурпурнага, чагосьці жвавага і энэргічнага.

Яны ня вельмі цікавіліся хатай, таму ён ня стаў прысьвячаць іх у свае пляны. Ён адчуваў, жонка і дачкі паставяцца да іх, як да яшчэ аднаго яго бясшкоднага, малаважнага захапленьня, накшталт праектаў Пераходнага Кляса і доўгай барацьбы за ператварэньне ў джунглі кабінэта прыродазнаўства.

— Некалькі слоў аб вашай грандыёзнай кіруючай працы ў школе? — неяк увечары зруйнаваў цішыню зварот Нэл. Яны ўсе ўчатырох сядзелі вакол кухеннага стала.

Ён адчуў, як у яго зайшлося сэрца, і схлусіў, — Нічога не чуваць. Але галасаваньне на наступным тыдні, гэта ўжо дакладна, — імкнучыся падавацца спакойным і стрыманым.

— Зразумела, яны прызначаць цябе. Стары Уолш у табе душы ня чуе, — зазначыла Нэл.