Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 14

Мыйв Бінчы

З агульнай згоды яны ўжо даўно не размаўлялі за сьняданкам. Сёньня тое апынулася яму на руку. Кававарка была гатовая да васьмі, навіны па радыё ўключаныя. Ярка размаляваная італьянская талерка з грэйпфрутамі стаяла на стале. Кожны браў сабе штось па густу. Тутака ж месьціўся кошык з хлебам і тостэр, што стаяў на падносе з малюнкам фантана Трэві — падарунак Нэл да яго саракагодзьдзя. У дваццаць хвілін а дзевятай Эйдан і дзяўчынкі сыходзілі, пакінуўшы свае талеркі і кубкі ў пасудамыечнай машыне.

Ён забясьпечыў жонцы ніштаватае жыцьцё, падумалася яму. Выканаў свае абяцаньні.

Іх побыт ня быў вытанчаным, але яны мелі апал і ўсе гэтыя сучасныя прыстасаваньні; тройчы на год ён аплачваў мыцьцё вокнаў, дывановае пакрыцьцё чысьцілася раз у два гады, хату фарбавалі кожныя тры гады.

— Досыць, кінь гэтыя сьмяхотныя, дробязныя думкі, — спыніў сябе Эйдан і паспрабаваў усьміхнуцца.

— Добра прайшоў вечар, Гранія? — спытаў ён.

— Так, нармалёва, — ад учорашняй нясьмелай даверлівасьці і сьледу не засталося. Немагчыма зразумець, шчыры чалавек ці не.

— Выдатна, выдатна, — хітнуў ён і пацікавіўся ў Нэл, — Як справы ў рэстарацыі?

— Нядрэнна для панядзелку, ведаеш, але нічога асаблівага, — яна адказала вельмі дабразычліва, але так, быццам вяла гутарку з выпадковым спадарожнікам у аўтобусе.

Эйдан узяў свой партфэль і рушыў да школы. Ягоная любасьць, Школа Выгляд-На-Гару. Што за дзіўная думка. Яна зусім ня вабіла яго сёньня раніцай. Ён ненадоўга спыніўся ў браме школьнага двара, у месцы, дзе адбылася ганебная, лютая бойка паміж Тоні А’Брайнам і тым хлопчыкам, чые рэбры былі зламаныя і якому прыйшлося накладваць швы на брыво і ніжнюю губу. Лёгкі ранішні ветрык ганяў сьмецьце па брудным двары. Падстрэшак для ровараў патрабуе афарбоўцы, самі ровары зваленыя як патрапіла. Аўтобусны прыпынак за брамай адчынены ўсім вятрам. Калі аўтобусная кампанія не забясьпечвае адпаведны стан пляцоўцы, дзе дзеці пасьля школы чакаюць аўтобус, тое павінен зрабіць прафсаюз па адукацыі, а калі і яны адмаўляюцца, бацькоўскі камітэт павінен павялічыць фонды. Гэта належала да рэчаў, якімі Эйдан Данн зьбіраўся заняцца, стаўшы дырэктарам. Да рэчаў, што зараз ніколі ня будуць зробленыя.

Ён трохі рэзка хітнуў вітаўшым яго дзеткам, замест таго, каб зьвярнуцца да кожнага зь іх па імі, як ён звычайна рабіў, і ўвайшоў у настаўніцкую, у якой не было ні душы, акрамя Тоні А’Брайна, рашчыняўшага ў шклянцы пігулку ад галаўнога болю.

— Я раблюся занадта стары для такіх начэй, — даверліва зьвярнуўся да яго Тоні.

Эйдана так і штурхала спытаць, чаму тады проста не спыніць іх, але гэта было б нерацыянальна. Ён не павінен нарабіць дурасьцяў, пакуль у яго ня выпрацаваны плян дзеяньняў. Трэба працягваць паводзіць сябе мякка і прыязна.