Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 13

Мыйв Бінчы

А другой Нэл зь лёгкім уздыхам адклала кнігу і заснула — так далёка ад яго на сваім баку ложка, быццам сышла ў суседні пакой. Калі гарадзкі гадзіньнік бомкнуў чатыры разы, Эйдан зразумеў, што Граніі да працы засталося спаць ўсяго тры гадзіны.

Але ён нічога ня мог зрабіць альбо сказаць. Цалкам відавочна, дзяўчынкі жывуць сваім уласным жыцьцём, не пытаючы рады. Яны прыходзяць дахаты, калі ім заманецца, а калі не прыходзяць, дык тэлефануюць а восьмай, падчас сьняданку, паведаміць, што зь імі ўсё добра, што яны начавалі ў сяброўкі. Аднаму богу вядома, што хаваецца за гэтай ветлівай выдумкай. Але Нэл кажа, часьцей за ўсё гэта сапраўды так, і ёй значна спакайней, калі дзяўчынкі пераначуюць у якой зь сябровак, а ня рушаць дахаты на машыне п'янага прыяцеля і ня стануць шукаць таксоўку ў бязьлюдныя перадранішнія гадзіны.

Ва ўсялякім разе, Эйдан адчуў палягчэньне, пачуўшы грук уваходных дзьвярэй і лёгкія крокі на лесьвіцы. У яе ўзросьце можна абысьціся і трыма гадзінамі сну. Прынамсі яна прасьпіць на тры гадзіны больш за яго.

У ягонай галаве раіліся недарэчныя пляны. Можна ў знак пратэсту сысьці са школы. Вядома, яго з радасьцю возьмуць у прыватную школу, у Шасьцігадовы Каледж, напрыклад, праца ў якім пастаўленая на добрым узроўні. Эйдан, як настаўнік латыні, будзе карысны там, студэнтам шматлікіх спэцыяльнасьцяў патрэбна латынь. Можна зьвярнуцца ў Раду Апякуноў, пералічыць, як шмат ён зрабіў для школы, колькі гадзін выдаткаваў, каб арганізаваць пазашкольную працу, як разьвіваў Трэці Ўзровень навучаньня. Калі ласка, можна прыйсьці і паслухаць, што кажуць дзеці, якія пляны разгортваюць на будучыню. А кабінэт прыродазнаўства, што ён ператварыў у сапраўдныя джунглі…

Ёсьць і іншы шлях, можна давесьці ім, што Тоні А’Брайн — дэструктыўны элемэнт. Узяць нават факт ужываньня гвалту супраць былога вучня іх школы — гэта дае грунтоўную падставу даслаць самы трывожны сыгнал тым, хто зьбіраецца прызначыць яго дырэктарам. А можна напісаць ананімны ліст рэлігійным чальцам Рады, прыемнаму сьвятару з адкрытым тварам і сур'ёзнай манашцы, якія, пэўна, паняцьця ня маюць аб тым, што за амаральны тып Тоні А’Брайн. Альбо зладзіць калектыўную акцыю бацькоў? У яго шмат, шмат магчымасьцяў.

Яшчэ можна пагадзіцца са спадарам Уолшам, плюнуць на школу, заняцца сталоўняй, ператварыць яе ў свой бастыён супраць усяго расчараваньню, паднесенага яму жыцьцём. Галаву за ноч што сьвінцом напампавалі, а сну ўсё роўна ні ў адным воку.

Ён дбайна пагаліўся; нельга зьявіцца ў школе з лапікамі плястыру на твары. Уважліва агледзеў сваю ванную, быццам бачыў яе ўпершыню. На кожнай вольнай цалі сьцяны віселі гравюры Вэнэцыі, вялікія яркія рэпрадукцыі Тэрнеру, што ён набыў у Галерэі Таці. У дзяцінстве дачушкі казалі ня ванны пакой, а Вэнэцыянскі Пакой; зараз яны, пэўна, не заўважаюць усе тыя малюнкі, быццам дакучлівыя шпалеры.

Ён дакрануўся да іх і задумаўся. Ці атрымаецца яму яшчэ калісь пабыць у Італіі? У маладосьці ён быў там двойчы, і свой мядовы месяц яны бавілі ў Італіі, ён паказваў Нэл сваю Вэнэцыю, свой Рым, сваю Флярэнцыю, сваю Сіену. Цудоўны быў час, шкада, што яго не вярнуць. Калі дзеці былі маленькімі, у іх бракавала грошай, часу, а потым … ну … хто б паехаў зь ім? Прыйшлося бы выпраўляцца аднаму. Можа, у будучыні ён і зьезьдзіць адзін, і вядома, душа яго не настолькі зьмярцьвела, каб не адгукнуцца на хараство Італіі?