Читать «Ваніна Ваніні, або Падрабязнасці аб апошняй венце карбанарыяў, распачатай у Папскай вобласці» онлайн - страница 10

Стэндаль

— Паслухай мяне, — дадала яна, — з'едзем зараз жа ў Сан-Нікола.

Місірыллі пагадзіўся. Яны вышлі пешшу з горада; непадалёк ад заставы Ваніну чакала карэта, дзе сядзела яе кампаньёнка, маўклівая і шчодра аплачаная ўлюбёнка. Па прыездзе ў Сан-Нікола Ваніна ў замяшанні ад свайго жахлівага ўчынку з пяшчотаю тулілася да Пьетра. Але калі яна гаварыла яму словы кахання, ёй здавалася, што яна грае камедыю. Напярэдадні, здзяйсняючы здраду, яна забылася аб згрызотах сумлення. Абдымаючы каханага, яна думала: «Калі зараз хто-небудзь скажа Пьетра адно слова, адно толькі слова — і ён навекі зненавідзіць мяне...»

Глыбокай ноччу ў спальню ўвайшоў адзін са слугаў Ваніны. Чалавек гэты быў карбанарыям, аб чым яна і не падазравала. Значыцца, у Місірыллі былі таямніцы ад яе нават у гэтым? Яна здрыганулася. Слуга прыйшоў папярэдзіць Місірыллі, што ў гэтую ноч у Форлі ачапілі дамы дзевятнаццаці карбанарыяў, а іх саміх арыштавалі, калі яны вярталіся са сходу венты. На іх напалі знянацку, але ўсё ж дзевяць карбанарыяў збеглі. Дзесяць астатніх карабінеры адвялі ў крэпасць. Калі яны ўвайшлі на турэмны двор, адзін з арыштаваных кінуўся ў глыбокі калодзеж і разбіўся. Ваніна самлела; да яе шчасця, Пьетра гэтага не зазначыў: ён мог бы прачытаць у яе вачах здзейсненае ёю злачынства...

— Салдаты гарнізона, — дадаў слуга, — ачапілі ўжо ўсе вуліцы ў Форлі. Яны стаяць так блізка адзін ад аднаго, што могуць перагаворвацца. Жыхарам дазваляюць пераходзіць праз вуліцу толькі ў тым месцы, дзе стаіць афіцэр.

Калі слуга выйшаў, Пьетра задумаўся.

— Зараз нічога нельга зрабіць, — сказаў ён нарэшце.

Ваніна была ні жывая ні мёртвая; яна ўздрыгвала ад кожнага погляду каханага.

— Што з вамі, Ваніна? Вы нейкая дзіўная сёння, — сказаў ён.

Потым стаў думаць аб іншым і адвёў ад яе погляд. Удзень яна адважылася сказаць яму:

— Вось яшчэ адна вента раскрытая. Мне думаецца, вы некаторы час будзеце жыць спакойна.

— Вельмі спакойна, — прамовіў Місірыллі з усмешкай, ад якой яна закалацілася.

Ваніна вырашыла адправіцца ў вёску Сан-Нікола да святара, які быў, магчыма, шпіёнам езуітаў. Да абеду, у сем гадзін, яна вярнулася і ўбачыла, што пакой, дзе яна схавала каханага, спусцеў. У роспачы яна кінулася шукаць яго па ўсёй хаце, але нідзе не знайшла. У поўным адчаі яна вярнулася ў пакой і толькі тады заўважыла на стале цыдулку. Яна прачытала:

«Я сыходжу, каб аддаць сябе ў рукі легата. Я страціў веру ў поспех нашай справы: само неба супраць нас. Хто нас выдаў? Можа быць, той нягоднік, які кінуўся ў калодзеж. Жыццё маё зараз не патрэбнае няшчаснай Італіі, і я не жадаю, каб таварышы, убачыўшы, што толькі аднаго мяне не арыштавалі, маглі падумаць, быццам я ім здрадзіў. Бывайце! Калі вы кахаеце мяне, кіньце ўсе высілкі на тое, каб адпомсціць за нас. Пакарайце, знішчыце подлага здрадніка, калі гэта нават мой бацька!»