Читать «Ваніна Ваніні, або Падрабязнасці аб апошняй венце карбанарыяў, распачатай у Папскай вобласці» онлайн - страница 17

Стэндаль

— Не! — ашалела ўскрыкнула Ваніна. — Пачакай. Я жадаю, каб ты даведаўся, што я зрабіла праз каханне да цябе.

І тут яна распавяла аб усіх сваіх дбаннях выратаваць яго, з таго дня, як ён сышоў з замка Сан-Нікола і аддаў сябе ў рукі легата. Скончыўшы гэты аповед, яна шапнула:

— Але ўсё гэта такая дробязь! Я зрабіла больш, кахаючы цябе.

І яна распавяла аб сваёй здрадзе.

— Пачвара! — у лютасці крыкнуў Пьетра і кінуўся да яе, спрабуючы забіць яе сваімі ланцугамі.

І ён забіў бы яе, калі б на крык не прыбег турэмшчык. Ён схапіў Місірыллі.

— Вазьмі, пачвара! Я не жадаю быць табе абавязаным! — выклікнуў Місірыллі.

Наколькі дазвалялі ланцугі, ён шпурнуў Ваніне дыяменты і пілкі і хутка выйшаў.

Ваніна была цалкам знішчаная. Яна вярнулася ў Рым; неўзабаве газеты паведамілі аб яе шлюбе з князем Лівіа Савелі.

Заўвагі

1

Крэпасць Святога Анёла — старажытная турма ў Рыме.

2

Сбіры — паліцэйскія вартаўнікі.

3

Езуіты — магутны каталіцкі манаскі ордэн, заснаваны ў XII стагоддзі.

4

Сула (138-78 гг. да нашай эры) — рымскі вайскаводца, праціўнік народнай партыі.

5

Брэшыя — горад у Ламбардыі (Паўн. Італія).

6

Парэта — курорт ля Форлі, у Раманье.

7

Форлі — гарады правінцый таго ж назову, у вобласці Раманья.

8

Так у Папскай вобласці завуцца жандары.

9

Цэхін — старажытная залатая венецыянская манета.

10

Корфу — абток у Міжземным моры, недалёка ад Італіі.

11

Легат — папскі прадстаўнік, надзелены вялікімі паўнамоцтвамі.

12

Часаслоў — царкоўная кніга, у якой, акрамя малітваў, ёсць і царкоўныя спевы.

13

Кардынал — вышэйшы пасля Папы духоўны чын у каталікоў. Кардынал-легат — прадстаўнік Папы, надзелены адмысловымі паўнамоцтвамі.

14

Прэлат — прадстаўнік вышэйшага каталіцкага духавенства.

15

In moto proprio (лат.) — па ўласнаму штуршку.