Читать «Ваніна Ваніні, або Падрабязнасці аб апошняй венце карбанарыяў, распачатай у Папскай вобласці» онлайн - страница 8

Стэндаль

Праз два дні Місірыллі ў спісе асобаў, якія прыбылі і якія выехалі, што дастаўлялі яму як кіраўніку венты, прачытаў, што князёўна Ваніна прыбыла ў свой замак Сан-Нікола. Імя гэта занесла ў яго душу радасць і разгубленасць. Дарма ён дзеля адданасці радзіме прыглушыў жаданне ў той жа вечар панесціся ў замак Сан-Нікола — думкі аб Ваніне, якой ён пагрэбаваў, не давалі яму засяродзіцца на сваіх абавязках. На наступны дзень яны сустрэліся; Ваніна кахала яго ўсё гэтак жа. Затрымалася яна ў Рыме таму, што бацька, жадаючы выдаць яе замуж, не адпускаў яе. Яна прывезла з сабою дзве тысячы цэхінаў.

Гэтая нечаканая падтрымка вельмі дапамагла Місірыллі годна выканаць яго новыя ганаровыя абавязкі. На абтоку Корфу замовілі кінжалы, падкупілі асабістага сакратара легата, які кіраваў ганеннямі карбанарыяў, і такім чынам дасталі спіс святароў, якія былі шпіёнамі ўрада.

Як раз у гэты час рыхтавалася змова — адна з найменш бязглуздых, што калі-небудзь узнікалі ў шматпакутнай Італіі. Я не буду паглыбляцца ў залішнія падрабязнасці, скажу толькі, што калі б яна завяршыўся поспехам, Місірыллі дасталася б немалая частка славы. Дзякуючы яму некалькі тысяч паўстанцаў узнялося б па асобым сігнале са зброяй у руках і чакалі б прыбыцця правадыроў. Набліжалася рашучая хвіліна, і раптам, як гэта заўсёды бывае, змова правалілася з-за арышту кіраўнікоў.

Як толькі Ваніна прыехала ў Раманью, ёй здалося, што каханне да радзімы засланіла ў сэрцы Місірыллі ўсякі іншы запал. Маладая рымлянка была абураная. Дарма яна намагалася паразуміць сябе — змрочная туга стамляла яе, і яна лавіла сябе на тым, што праклінае свабоду. Аднойчы, прыехаўшы ў Форлі пабачыцца з Місірыллі, яна не магла ўправіцца з сабою, хоць дагэтуль гонар заўсёды дапамагаў ёй хаваць сваё гора.

— Вы на самой справе кахаеце мяне, як муж, — сказала яна. — Я не гэтага чакала.

Яна выбухнула слязьмі, але плакала яна толькі ад сораму, што зняважыла сябе папрокамі. Місірыллі суцяшаў яе; аднак відаць было, што ён заняты сваімі клопатамі. І раптам Ваніне прыйшла ў галаву думка кінуць яго і вярнуцца ў Рым. Яна з жорсткай радасцю падумала, што гэта будзе ёй пакараннем за слабасць: нашто было скардзіцца! У хвіліну маўчання намер яе адужэў, Ваніна палічыла б сябе нявартай Місірыллі, калі б не кінула яго. Яна з асалодай думала аб яго гаротным здзіўленні, калі ён будзе дарэмна чакаць, шукаць яе тут. Але неўзабаве яе глыбока ўсхвалявала думка, што яна не здолела захаваць каханне гэтага чалавека, дзеля якога здзейсніла столькі вар'яцтваў. Перапыніўшы маўчанне, яна загаварыла з ім. Яна ўсімі сіламі дамагалася хоць аднаго слова кахання. Пьетра адказваў ёй ласкава, далікатна, але так безуважліва... Затое якое глыбокае пачуццё прагучала ў яго голасе, калі, крануўшы свае палітычныя задумы, ён журботна выклікнуў: