Читать «Ваніна Ваніні, або Падрабязнасці аб апошняй венце карбанарыяў, распачатай у Папскай вобласці» онлайн - страница 11

Стэндаль

Ваніна звалілася на крэсла амаль у непрытомнасці, раздзіраючыся жорсткай пакутай. Яна не магла вымавіць ні слова, не выпусціла ні адной слязы; вочы яе гарэлі.

Нарэшце яна кінулася на калені.

— Божа вялікі! — выклікнула яна. — Прымі мой зарок! Так, я пакараю подлага здрадніка! Але дапамажы мне спачатку вярнуць вольнасць Пьетра.

Праз гадзіну яна ўжо ехала ў Рым. Бацька даўно прыспешваў яе вярнуцца. У адсутнасць дачкі ён паабяцаў яе руку князю Лівіа Савелі. Як толькі Ваніна прыехала, бацька баязліва загаварыў з ёю аб гэтым, але да вялікага яго здзіўлення, яна адразу пагадзілася. У той жа вечар у гасцінай графіні Вітэлескі бацька амаль афіцыйна прадставіў ёй дона Лівіа як жаніха, яна доўга гутарыла з ім. Малады князь быў узорам элегантнасці, трымаў цудоўных коней, у грамадстве яго лічылі вельмі дасціпным, але вельмі легкадумным; ён не мог узбуджваць ніякіх падазрэнняў ва ўрада. Ваніна вырашыла, што, ускружыўшы яму галаву, яна зробіць яго выканаўцам сваіх планаў. Яна разлічвала, што шпіёны не адважацца сачыць за пляменнікам мансіньёра Савелі-Катанцара — рымскага губернатара і міністра паліцыі.

На працягу некалькіх дзён яна адорвала добразычлівай увагай ласкавага дона Лівіа, а затым абвясціла яму, што ніколі не будзе яго жонкай: па яе меркаванню, ён занадта легкадумны.

— Калі б не былі вы дзіцём, — сказала яна, — падначаленыя вашага дзядзечкі не мелі б ад вас таямніцаў. Напрыклад, што збіраюцца зрабіць з тымі карбанарыямі, якіх нядаўна арыштавалі ў Форлі?

Праз два дні Лівіа прыйшоў паведаміць ёй, што ўсе арыштаваныя ў Форлі карбанарыі збеглі.

З пагардлівай і горкай усмешкаю яна спыніла на ім погляд сваіх вялізных чорных вачэй і за ўвесь вечар не ўдастоіла яго ніводным словам.

Праз дзень дон Лівіа, чырванеючы, прызнаўся ёй, што яго падманулі.

— Але я дастаў ключ ад кабінета дзядзечкі, — дадаў ён, — пакапаўся там у паперах і ведаю зараз, што прызначаная кангрэгацыя, гэта значыць камісія, складзеная з самых уплывовых кардыналаў і прэлатаў; на днях яна збярэцца ў найвялікшай тайне і вырашыць пытанне, дзе судзіць гэтых карбанарыяў — у Равенне або ў Рыме. У цяперашні час усе дзевяць арыштаваных карбанарыяў і іх важак, нейкі Місірыллі, які па дурасці добраахвотна аддаўся ў рукі ўладаў, утрымліваюцца ў замку Лявоне.

Пры слове «дурасць» Ваніна балюча ўшчыкнула князя Лівіа.

— Я сама жадаю пракрасціся разам з вамі ў кабінет вашага дзядзечкі, — сказала яна, — і ўласнымі вачамі ўбачыць гэтыя паперы. Вы, пэўна, дрэнна прачыталі.

Пачуўшы такія словы, Лівіа спалохаўся: Ваніна патрабавала ад яго амаль немагчымага; але наравістасць гэтай маладзіцы толькі ўзмацняла яго каханне. Праз некалькі дзён Ваніна, пераапрануўшыся ў прыгожую ліўрэю, якую насілі слугі дому Савелі, правяла паўгадзіны ў кабінеце міністра паліцыі за чытаннем найсакрэтнейшых дакументаў. Яна ўся схамянулася ад радасці, калі знайшла сярод іх «дзённік данясенняў аб падсудным Пьетра Місірыллі». У яе дрыжалі рукі, калі яна трымала гэтыя паперы. Яна яшчэ раз перачытала яго імя і ледзь не страціла прытомнасць. Выходзячы з губернатарскага палаца, Ваніна дазволіла Лівіа пацалаваць яе.