Читать «Ваніна Ваніні, або Падрабязнасці аб апошняй венце карбанарыяў, распачатай у Папскай вобласці» онлайн - страница 12

Стэндаль

— Вы выдатна вытрымліваеце іспыты, якімі я рашыла выпрабоўваць вас.

Пасля такой пахвалы малады князь ва ўгоду Ваніне гатовы быў падпаліць Ватыкан.

У той вечар давалі баль у французскай амбасадзе. Ваніна шмат танчыла і амаль увесь час з Лівіа. Ён ап'янеў ад шчасця — трэба было не даваць яму ачухацца.

— У майго бацькі бываюць часам дзівацтвы, — сказала яму аднойчы Ваніна. — Сёння раніцай ён прагнаў двух слуг, і яны прыйшлі да мяне плакацца. Адзін з іх прасіў, каб я ўладкавала яго на службу да губернатара, а іншы, адстаўны салдат, які служыў у артылерыі пры французах, жадаў атрымаць месца ў крэпасці Святога Анёла.

— Я абодвух вазьму да сябе на службу, — хутка адказаў малады князь.

— А хіба я прашу вас аб гэтым? — фанабэрліва запярэчыла Ваніна. — Я вам у дакладнасці перадала прашэнні гэтых няшчасных людзей. Абодва павінны атрымаць менавіта тое, што яны просяць.

Нічога не магло быць цяжэй. Мансіньёр Катанцара зусім не адрозніваўся даверлівасцю і дапускаў у свой дом толькі людзей, добра яму вядомых.

Знешне жыццё Ваніны па-ранейшаму было запоўненае разнастайнымі прыемнасцямі, але яе мучыла пакаянне, і яна была вельмі няшчасная. Маруднасць падзей забівала яе. Павераны бацькі дастаў ёй грошы. Што рабіць? Сыйсці з бацькоўскага дому, з'ехаць у Раманью і паспрабаваць арганізаваць уцёкі Пьетра? Думка безразважная, але Ваніна ўжо гатовая была ажыццявіць яе, як раптам выпадак злітаваўся над ёю.

Дон Лівіа сказаў ёй:

— Хутка ў Рым прывязуць дзесяць карбанарыяў венты Місірыллі, а калі ім вынясуць смяротны прысуд, кара адбудзецца ў Раманье. Мой дзядзька дабіўся гэтага ад таты сёння ўвечары. Ва ўсім Рыме толькі мы з вамі ведаем гэтую таямніцу. Вы задаволеныя мною?

— Вы робіцеся сапраўдным мужчынам, — адказала Ваніна. — Падарыце мне ваш партрэт.

Напярэдадні таго дня, калі Місірыллі павінны былі прывезці ў Рым, Ваніна прыдумала падставу, каб прыехаць у Чыта-Кастэлляна. У турме гэтага горада змясцілі на начлег карбанарыяў, якіх перасылалі з Раманьі ў Рым. Раніцой, калі іх адпраўлялі з турмы, яна ўбачыла Місірыллі: яго везлі ў калясцы аднаго, закаванага ў ланцугі; ён быў вельмі бледны, але, здавалася, ніколькі не паўшы духам. Нейкая бабулька кінула яму букет фіялак. Місірыллі з усмешкай падзякаваў ёй.

Ваніна ўбачыла ўлюбёнага і быццам адрадзілася, адчула прыліў мужнасці. Задоўга да гэтай сустрэчы яна дабілася падвышэння ў пасадзе для абата Кары, які быў эканомам у крэпасці Святога Анёла, куды павінны былі заключыць Місірыллі; яна ўзяла гэтага добрасардэчнага святара сабе ў духоўнікі. А ў Рыме нямалую вагу мае становішча духоўніка князёўны, пляменніцы губернатара.

Працэс фарлійскіх карбанарыяў не зацягнуўся. Партыя ультракансерватараў не магла перашкодзіць, каб ён адбыўся ў Рыме, але ў адплату за гэта дамаглася прызначэння ў судовую камісію самых славалюбівых прэлатаў. Старшынём камісіі быў міністр паліцыі.

Закон супраць карбанарыяў цалкам ясны. Фарлійскія змоўшчыкі не маглі песціць ніякай надзеі, але яны трымаліся мужна і вельмі майстарскі баранілі сваё жыццё. Тым не менш іх не толькі прысудзілі да смяротнай кары, але некаторыя суддзі нават патрабавалі жорсткіх пакут, чацвертавання, адсячэння рук і гэтак далей. Міністр паліцыі ўжо зрабіў сабе кар'еру (з гэтай пасады прамы шлях да чырвонай шапкі кардынала), і таму ў яго не было патрэбы адсякаць карбанарыям рукі; прадставіўшы прысуд на зацвярджэнне, ён угаварыў папу замяніць асуджаным смяротную кару шматгадовым турэмным зняволеннем. Толькі для Пьетра Місірыллі прысуд пакінулі ў сіле. Міністр бачыў у ім небяспечнага фанатыка, і да таго ж Місірыллі ўжо раней быў прысуджаны да смерці за забойства двух карабінераў, аб якім мы згадвалі.