Читать «Ваніна Ваніні, або Падрабязнасці аб апошняй венце карбанарыяў, распачатай у Папскай вобласці» онлайн

Стэндаль

Стэндаль

Ваніна Ваніні, або Падрабязнасці аб апошняй венце карбанарыяў, распачатай у Папскай вобласці

Гэта здарылася вясновым вечарам 182... года. Увесь Рым быў апанаваны хваляваннем: славуты банкір герцаг дэ Б. даваў баль у сваім новым палацы на Венецыянскай плошчы. Ва ўбранні гэтага палаца спалучалася ўся пышнасць мастацтва Італіі і ўсе хітрыкі лёнданскай і парыжскай раскошы. З'ехалася мноства гасцей. Ангельскія арыстакраткі — чапурыстыя бялявыя прыгажуні — палічылі за гонар з'явіцца на балі ў банкіра. Яны зляцеліся цэлым роем. Найпрыгажэйшыя жанчыны Рыма супернічалі з імі ў харастве.

У залю ўвайшла пад руку з бацькам маладая дзяўчына: зіхатлівыя вочы і валасы, чорныя, як крумкачынае крыло, выкрывалі ў ёй рымлянку; усе погляды накіраваліся на яе. У кожным яе руху праглядваўся незвычайны гонар.

Гасцей-замежнікаў дзівіла пышнасць гэтага балю. «Ніякія святы манархаў Эўропы не могуць з ім параўнацца», — гаварылі яны.

У манархаў Эўропы няма палацаў, створаных італьянскімі дойлідамі; яны вымушаныя запрашаць сваіх прыдворных дам, паміж тым як герцаг дэ Б. запрашаў толькі прыгожых жанчын. У гэты вечар яго выбар аказаўся асабліва ўдалы: мужчыны былі аслепленыя. Сабралася столькі прывабных жанчын, што цяжка было вырашыць, каму аддаць пальму першынства. Але пасля нядоўгіх ваганняў царыцаю балю аднадушна абвясцілі князёўну Ваніну Ваніні, чорнавалосую маладзіцу з вогненным позіркам. Адразу ж замежнікі і маладыя рымляне, пакінуўшы гасціныя, сабраліся ў бальнай залі.

Бацька дзяўчыны, князь Аздрубале Ваніні, пажадаў, каб яна першым чынам пратанцавала з двума-трыма нямецкімі ўладарнымі прынцамі. Затым яна прыняла запрашэнне некалькіх ангельцаў, вельмі прыгожых і вельмі шляхетных, але іх накрухмалены выгляд надакучыў ёй. Больш задавальнення ёй, здавалася, дастаўляла мучыць маладога Лівіа Савелі, відаць, горача ў яе закаханага. Лівіа быў адным з самых бліскучых маладых людзей у рымскім грамадстве і таксама насіў княжацкі тытул; але, калі б яму далі пачытаць які-небудзь раман, ён на дваццатай старонцы адкінуў бы кнігу, заявіўшы, што ў яго разбалелася галава; у вачах Ваніны гэта было вялікім недахопам.

Каля паўночы на балі распаўсюдзілася навіна, якая выклікала шмат размоваў. У гэты самы вечар з крэпасці Святога Анёла збёг, пераапрануўшыся, зняволены малады карбанарый; дасягнуўшы ўжо апошняй брамы турмы, ён у запале раманічнай адвагі напаў з кінжалам на салдатаў аховы, але яго самога таксама ранілі. Сбіры гоняцца за ім па крывавых слядах і спадзяюцца злавіць яго.

Пакуль усё гутарылі аб гэтых уцёках, дон Лівіа Савелі, захоплены хараством і поспехам Ваніны, амаль ашалеўшы ад кахання, выгукнуў, праводзячы яе да крэсла пасля танцаў:

— Але скажыце, бога дзеля, хто мог бы спадабацца вам?

— Малады карбанарый, сённяшні ўцякач з крэпасці. Прынамсі ён нешта здзейсніў, а не толькі даў сабе рады нарадзіцца.

Князь Аздрубале падышоў да дачкі. Гэты багацей ужо дваццаць гадоў не патрабаваў справаздачы ад свайго аканома, а той даваў яму ў доўг пад вельмі высокія працэнты яго жа ўласныя грошы. Сустрэўшы князя на вуліцы, вы прынялі б яго за старога актора; вы нават не заўважылі б, што пальцы ў яго ўнізаныя масіўнымі пярсцёнкамі з вельмі буйнымі дыяментамі. Абодва яго сыны ўступілі ў ордэн езуітаў, затым здурэлі і памерлі. Ён забыўся на іх, а на сваю адзінаю дачку Ваніну гневаўся за тое, што яна не выходзіць замуж. Дзяўчыне ўжо дзевятнаццаць гадоў, а яна адхіляе самыя бліскучыя партыі. У чым тут прычына? Прычына была тая ж самая, якая заахвоціла Сулу адрачыся ад улады: пагарда да рымлян.