Читать «Ваніна Ваніні, або Падрабязнасці аб апошняй венце карбанарыяў, распачатай у Папскай вобласці» онлайн - страница 9

Стэндаль

— Ах, калі нас зноў спасцігне няўдача, калі і гэтая змова будзе раскрытая, я з'еду з Італіі!

Ваніна замерла: з кожнай хвілінай яе ўсё мацней раздзіраў страх, што яна бачыць каханага ў апошні раз. Словы яго выклікалі фатальную іскру ў яе думках.

«Карбанарыі атрымалі ад мяне некалькі тысячаў цэхінаў. Ніхто не можа сумнявацца ў маёй спагадзе змове...» Перапыніўшы свой роздум, яна сказала Пьетра:

— Прашу цябе, паедзем са мной у Сан-Нікола, толькі на адны суткі! Сёння ўвечары табе няма неабходнасці прысутнічаць на сходзе венты. А заўтра раніцою мы ўжо будзем у Сан-Нікола, будзем блукаць па палях; ты адпачнеш, супакоішся, а табе вельмі патрэбныя ўсе твае сілы і вытрымка: бо набліжаюцца вялікія падзеі.

Пьетра пагадзіўся.

Ваніна пайшла ад яго, каб прыгатавацца да падарожжа, і, як звычайна, замкнула той пакой, дзе хавала яго. Яна паспяшалася да былой сваёй пакаёўкі, якая выйшла замуж і зараз трымала лавачку ў Форлі. Прыбегшы да гэтай жанчыны, Ваніна таропка напісала на палях Часаслова, які апынуўся ў пакоі, некалькі радкоў, дакладна паказаўшы месца, дзе павінна была сабрацца ўначы вента карбанарыяў. Яна скончыла данос наступнымі словамі: «Вента складаецца з дзевятнаццаці чалавек. Вось іх імёны і адрасы». Склаўшы поўны спіс, дзе адсутнічала толькі імя Місірыллі, яна сказала гэтай жанчыне, якая карысталася яе даверам:

— Аднясі кнігу кардыналу-легату. Няхай ён прачытае тое, што напісана на палях, і верне яе табе. Вось вазьмі дзесяць цэхінаў. Калі раптам легат вымавіць тваё імя, табе не абмінуць смерці; але калі ты прымусіш яго прачытаць спісаную старонку, ты выратуеш мне жыццё.

Усё атрымалася цудоўна. Легат так перапалохаўся, што страціў усю сваю вяльможную важнасць. Ён дазволіў прастачцы, якая жадала пагаварыць з ім па сакрэтнай справе, не здымаць маску, але загадаў звязаць ёй рукі. У такім выглядзе крамнічыха і з'явілася перад гэтым высокім саноўнікам; ён не адважыўся выйсці з-за вялізнага стала, пакрытага зялёным сукном.

Легат прачытаў спісаную старонку, трымаючы Часаслоў вельмі далёка ад сябе, з асцярогі, што кніга насычаная якой-небудзь атрутай. Затым ён вярнуў Часаслоў крамнічыхе і нават не паслаў шпіёнаў па яе слядах. Не прайшло і сарака хвілін з таго часу як Ваніна выйшла з хаты, а яна ўжо пабачылася з пакаёўкай, якая вярнулася ад легата, і пабегла да Місірыллі, упэўненая, што з гэтага часу ён цалкам належыць ёй. Яна сказала яму, што ў горадзе незвычайны рух, усюды ходзяць патрулі, нават па такіх вуліцах, дзе іх ніколі не бачылі.