Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 9

Гавриил Николаевич Троепольский

І ўсё ж Бім не спадчынная бездар, а выдатны сапраўдны сабака: птушак ён пачаў шукаць з васьмі месяцаў. Ды як яшчэ! Хочацца верыць, што ў яго будзе добрая будучыня.

Раздзел 2. Вясновы лес

У другі сезон, гэта значыць на трэці год ад нараджэння Біма, Іван Іванавіч пазнаёміў яго з лесам. Гэта было надта цікава і сабаку, і гаспадару.

У лузе і на полі — там усё бачна: прастора, трава, збажына, гаспадар заўсёды навідавоку, снуй чаўнаком у шырокім пошуку, шукай, знайдзі, рабі стойку і чакай загаду. Любата! А тут, у лесе, зусім-зусім не тое.

Была ранняя вясна.

Калі яны прыйшлі першы раз, змярканне толькі пачыналася, а між дрэў быў прыцемак, хаця лісця яшчэ не было. Знізу ўсё ў цёмных адценнях: ствалы дрэў, леташняя цёмна-карычневая лістота, карычнева-шэрыя сцяблы травы, нават ягады шыпшыны, густа-рубінавыя ўвосень, цяпер, выстаяўшы зіму, здаваліся зярняткамі кавы.

Галінкі лёгенька шумелі пад слабым ветрыкам, рэдзенькія, голыя; яны быццам абмацвалі адна адну, то краналіся кончыкамі, то ледзь датыкаліся сярэдзінаю: ці жывыя? Вяршаліны слабенька пагойдваліся — дрэвы здаваліся жывымі нават і без лісця. Усё было таямніча-шапаткое і густа-пахучае: і дрэвы, і лісце пад нагамі, мяккае, з вясновым пахам лясное зямлі, і крокі Івана Іванавіча, асцярожныя і ціхія. Яго чаравікі таксама шоргалі, а сляды пахлі куды мацней, чым у полі. За кожным дрэвам штосьці незнаёмае, таямнічае. Таму Бім і не адыходзіў ад Івана Іванавіча болей, чым крокаў на дваццаць: прабяжыць уперад — налева, направа — і коціцца назад і глядзіць у твар, быццам пытаецца: «Чаго мы сюды трапілі?»

— Не разбярэшся што да чаго? — здагадаўся Іван Іванавіч. — Разбярэшся, Бімка, зразумееш. Пачакай крышку.

Так і ішлі, паглядваючы адзін на аднаго.

Але вось яны спыніліся на шырокай паляне, на перакрыжаванні двух прасек: дарогі ва ўсе чатыры бакі. Іван Іванавіч стаў за арэхавы куст, тварам да захаду, і глядзеў угору. Бім пазіраў туды, з усяе сілы стараўся здагадацца, што гэта там трэба выглядзець.

Уверсе было светла, а тут, унізе, рабілася ўсё цямней і цямней. Нехта прашамаў у лесе і сціх. Яшчэ пашамаў і сціх. Бім прытуліўся да нагі Івана Іванавіча — гэта так ён пытаўся: «Што там? Хто там? Можа, пойдзем паглядзім?»

— Заяц, — ледзь чутна сказаў гаспадар. — Усё добра, Бім. Добра. Заяц. Хай яго…

Ну, калі «добра», значыць, усё ў парадку. «Заяц» — таксама зразумела: неаднойчы, калі Бім натыкаўся на след звярка, яму паўтаралі гэтае слова. А раз бачыў і самога зайца, паспрабаваў быў дагнаць яго, але меў суровае папярэджанне і быў пакараны. Нельга!

Такім чынам, недалёка прашамацеў заяц. А што далей?

Раптам уверсе нехта нябачны і незнаёмы захоркаў: «Хор-хор!.. Хор-хор… Хор-хор!..» Бім пачуў гэта першы і здрыгануўся. Гаспадар таксама. Абодва глядзелі ўгору, толькі ўгору…

Нечакана на фоне барвова-сіняватага неба ўздоўж прасекі паказалася птушка. Яна ляцела проста на іх, толькі зрэдку пакрыквала так, быццам гэта не птушка, а звярок ляціць і хоркае. Але то ўсё ж была птушка. Яна здавалася вялікай, крылле яе было бясшумнае (не тое, што ў перапёлкі, курапаткі ці ў качкі). Адным словам, незнаёмае ляцела ўгары.