Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 108

Гавриил Николаевич Троепольский

Але затое знізу ўгору добрымі, наіўнымі, ласкавымі і невіноўнымі вачаняткамі глядзеў на Івана Іванавіча новы маленькі Бім. Ён паспеў пакарыць ужо Толіка, ён так і пачаў жыць з дабраты, маленькі Бімка.

«Які ж будзе ў яго лёс? — падумаў Іван Іванавіч. — Не трэба, не, не трэба, каб у новага Біма, які пачынае жыццё, паўтарыўся лёс майго сябра. Не хачу гэтага. Не трэба».

Іван Іванавіч устаў, выпрастаўся і амаль што ўскрыкнуў:

— Не трэба!

Лес кароткім рэхам паўтарыў некалькі разоў: «Не трэба… не трэба… не трэба…» І заціх.

А была вясна. І кропелькі неба на зямлі. І было ціха-ціха.

Так ціха, быццам і няма нідзе ніякае бяды.

Але ўсё-такі ў лесе нехта… стрэліў! Тройчы стрэліў!

Хто? Нашто? У каго?

Магчыма, нядобры чалавек параніў таго прыгажуна дзятла і двума набоямі дабіваў яго… А магчыма, нехта з паляўнічых закапаў сабаку, і было яму тры гады…

«Не, не спакойна ў гэтым блакітным палацы з калонамі з жывых дубоў», — так падумаў Іван Іванавіч, стоячы з непакрытаю белаю галавою і гледзячы ў неба. І гэта было падобна да вясновае малітвы.

Лес маўчаў.