Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 11

Гавриил Николаевич Троепольский

Спыніўся Іван Іванавіч, і глядзіць вакол, і нюхае (куды там!). Потым ступіў да дрэва, прысеў і ціхенька, адным пальцам, пагладзіў кветачку, малюсенькую такую (Івану Іванавічу яна амаль не пахне, а Біму такая смярдзючая). І навошта яму тая кветачка? Але гаспадар сядзеў, усміхаўся. Бім, вядома, зрабіў выгляд, што яму таксама быццам бы добра, але гэта толькі з-за павагі да гаспадара, а сам ён быў моцна здзіўлены.

— Ты паглядзі, паглядзі ж, Бім! — усклікнуў Іван Іванавіч і нахіліў сабаку носам да кветкі.

Такога Бім не мог стрываць, ён адвярнуўся. Потым незадаволена адышоў і лёг на палянцы, быццам хацеў сказаць: «Ну і нюхай сваю кветачку!» Рознагалоссі патрабавалі высвятлення адносін неадкладна, але гаспадар смяяўся ў вочы Біму шчаслівым смехам. І гэта было крыўдна. «Яшчэ мне і рагоча!»

А той зноў да кветкі:

— Дзень добры, першанькая!

Бім зразумеў, што «дзень добры» сказана не яму.

Рэўнасць пракралася ў сабачую душу, калі можна так сказаць, вось што здарылася таго дня. Толькі дома адносіны быццам наладзіліся. Але дзень у Біма выйшаў няўдалы: была дзічына — не стралялі, пабег сам па птушку — пакаралі, ды яшчэ і кветка тая. Не, усё ж і ў сабакі бывае сабачае жыццё, бо жыве ён загіпнатызаваны трыма словамі-«кітамі»: «Нельга», «Назад», «Добра».

Толькі не ведалі яны — ні Бім, ні Іван Іванавіч, — што некалі гэты дзень, калі б яны ўспомнілі яго, здаўся б ім вялікім шчасцем.

Запіскі гаспадара

У стомленым ад зімовага палону лесе, калі яшчэ не распусціліся пупышкі, але ўжо прачнуліся, калі горкія пні зімовае высечкі яшчэ не пусцілі пасынкаў, але заплакалі ўжо, калі мёртвы шэры ліст ляжыць навокал пластом, калі голае галлё яшчэ не шуміць, а толькі ціхенька кранаецца адно аднаго, неспадзявана адчуецца пралескавы пах! Ледзь-ледзь улоўны, але гэта пах жыцця, якое ачнулася, і таму ён чулліва-радасны, хоць амаль і нячутны. Гляджу навокал — аказалася, яна побач. Стаіць на зямлі кветка, малюсенькая кропелька блакітнага неба, такая простая і шчырая вястуння радасці і шчасця, каму яно суджана і наканавана. Але для кожнага — і шчаслівага, і няшчаснага — зараз яна жыццёвая прыгажосць.

Вось так і сярод нас, чалавекаў: ёсць людзі сціплыя, з чыстым сэрцам, «непрыкметныя» і «маленькія», але з вялікай душою. Яны ж і ўпрыгожваюць жыццё, нясуць у сабе ўсё лепшае, што толькі мае чалавецтва, — дабрату, прастату, даверлівасць. Так і пралеска здаецца кропелькаю неба на зямлі…

А праз некалькі дзён (учора) мы былі з Бімам на тым самым месцы. Неба пакрапіла лес ужо тысячамі блакітных кропелек. Шукаю, вызіраю: дзе ж яна, тая самая першая, самая смелая? Здаецца, вось яна. Яна ці не? Не ведаю. Іх так многа, што тае ўжо не заўважыць, не адшукаць: згубілася між астатніх, зраўнялася з імі. А яна ж такая маленькая, але геройская, такая ціхая, але настырная, што пачынае здавацца, быццам гэта яе спалохаліся апошнія замаразкі, здаліся, вывесілі перад досвіткам белы сцяг апошняе шэрані на ўзлеску. Ідзе жыццё.

…А Біму нічога гэтага не зразумець. Нават пакрыўдзіўся першы раз, прыраўнаваў. Дарэчы, як было ўжо і многа кветак, ён і тады не зважаў на іх. Калі пачаў настаўляць яго, паводзіў сябе не вельмі: пакрыўдзіўся без стрэльбы. З ім мы на розным узроўні развіцця, але вельмі і вельмі блізкія. Прырода стварае па ўстойліваму закону: неабходнасці аднаго другому, пачынаючы ад самых прымітыўных і канчаючы самым высокаразвітым жыццём, усюды гэты закон… Хіба мог бы я перажыць такую жудасную адзіноту, каб не было Біма?