Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 7

Гавриил Николаевич Троепольский

Нарэшце пах стаў такі моцны, што ісці далей было немагчыма. І Бім так і не апусціў на зямлю правую пярэднюю лапу, прыкіпеў на месцы, нібыта ўкамянеў. Гэта была быццам скульптура сабакі, зробленая ўмелым скульптарам. Вось яна, першая стойка! Першае абуджэнне паляўнічага азарту, які забірае да самазабыцця.

Ды не, гаспадар ціха падыходзіць, ледзь-ледзь пагладжвае Біма, які лёгенька трымціць усім целам.

— Добра, добра, хлопчык. Добра, — і бярэцца за аброжак. — Пайшоў… Пайшоў…

А Бім не можа — нестае сілы.

— Пайшоў… Пайшоў… — цягне яго Іван Іванавіч.

І Бім пайшоў. Ціхенька-ціхенька. Застаецца адно крыху. Але тут рэзка загад:

— Наперад!!!

Бім скочыў. Шумна выпырхнула перапёлка. Бім кінуўся за ёю і-і-і… пагнаў, азартна, колькі ставала сілы.

— Наза-ад! — крыкнуў гаспадар.

Але Бім нічога не чуў, быццам не меў вушэй.

— Наза-ад! — І свісток. — Наза-ад! — І свісток.

Бім бег да таго часу, пакуль не згубіў з воч перапёлку, а потым, вясёлы і радасны, вярнуўся. Але што гэта такое? Гаспадар хмуры, глядзіць сурова, не лашчыць. Усё было зразумела: нічога не чуе яго сябар! Няшчасны сябар… Бім неяк асцярожненька лізнуў яго ў руку, душэўна спачуваючы і шкадуючы за гэту непапраўную спадчынную непаўнацэннасць самае блізкае істоты. Гаспадар сказаў:

— Ды зусім ты пра іншае, дурненькі. — І весялей: — Ну, дык пачнём, Бім, па-сапраўднаму. — Ён зняў аброжак, адзеў другі (нязручны) і прышпіліў да яго доўгую папругу. — Шукай.

Цяпер Бім шукаў пах перапёлкі — болей нічога. А Іван Іванавіч накіроўваў яго туды, куды пераляцела птушка. Біму было няўцям, што яго сябар бачыў, куды прыкладна села птушка пасля ганебнае пагоні (чуць то не чуў, а бачыць — бачыў).

І вось той жа самы пах! Бім не зважае на папругу, звужае чаўнок, вядзе, вядзе, падняў галаву і вядзе паверсе… Зноў стойка! На фоне вечаровага сонца ён дзівосна цудоўны сваёю незвычайнаю прыгажосцю, ведаць пра якую суджана мала каму. З лёгкім трымценнем ад хвалявання, Іван Іванавіч узяў за канец повада, накруціў на руку і ціха загадаў:

— Наперад… Наперад…

Бім пайшоў на падводку. І яшчэ раз прыпыніўся.

— Наперад!!!

Бім кінуўся гэтаксама, як і першы раз. Перапёлка цяпер выпырхнула з гучным стракатаннем крылля. Бім зноў быў кінуўся бязглузда даганяць птушку, але… рывок за павадок вымусіў яго адскочыць назад.

— Назад!!! — крыкнуў гаспадар. — Нельга!!!

Бім адкінуўся, упаў. Ён не разумеў — завошта гэтак. І напінаў павадок, куды паляцела перапёлка.

— Ляжаць!

Бім лёг.

І яшчэ раз усё паўтарылася, толькі па новай перапёлцы. Але цяпер Бім адчуў рывок за повад раней, чым у мінулы раз, а пасля загаду лёг і толькі дрыжаў ад хвалявання, азарту і разам з тым панылы, сумны і маркотны: усё гэта было ў ягоным выглядзе ад носа да самага кончыка хваста. Так жа балюча! І не толькі ад жорсткае спрацівелае папругі, а яшчэ і ад калючак з сярэдзіны аброжка.