Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 88

Гавриил Николаевич Троепольский

Калі ўцякла ваўчыца, узнік сам сабою моцны боль у хворых грудзях. Бім стаў задыхацца, таму і выпаўз з дупла ды так і ўпаў на месцы — што будзе тое будзе! І ўсё-такі ён не ўзяўся есці мяса нават пасля таго як зноў вылежаўся і змог устаць. Заставалася толькі адно: ісці наперад, столькі, колькі хопіць сілы.

І Бім пайшоў. Доўга і цяжка ўзбіраўся ён на круты, вялізны, на кіламетр, пад'ём. Дзесьці на паўдарозе ён наткнуўся на след ваўчыцы, перайсці яго не адважыўся (яна ж адсюль і ішла!), потым скіраваў у густы непралазны зараснік і ўбачыў воўка. Убачыў проста перад сабою, мёртвага. Гэта быў той, што ўцёк у сярэдзіну аблавы смяротна паранены, каля якога ўсё яшчэ кружылася і кружылася ваўчыца, час ад часу апавяшчаючы наваколле сваёю страшнаю чалавеку тугою. Мёртвы воўк. Шэрсць на ім аблезла лапінамі. Засталася толькі частка сатлелага звера. Толькі кіпці сталі доўгія, злавесна чыстыя і страшныя. Бім убачыў: нават у мёртвага, сатлелага воўка кіпцюры застаюцца. І ад іх страшна.

Бім заспяшаў паўкругам, на колькі было ў яго сілы, назад, на тую сцяжынку, абходзячы след, які напалохаў яго.

Нарэшце ён узышоў наверх, спыніўся на тым месцы, дзе ўчора была машына, агледзеўся і пайшоў зусім дакладна туды, куды трэба было, — дадому. І зноў у яго неставала сілы, зноў ён адлежваўся ў сцірце, а то і ў сасновай ігліцы, зноў па дарозе шукаў зёлкі і еў іх.

Па шашы бег худы, кульгавы сабака. Бег наперад, толькі наперад, паволі, цяжка, але наперад, да тых дзвярэй, ля якіх ёсць спагада, ля якіх Біму хацелася легчы і чакаць, чакаць гаспадара, чакаць даверу і самае звычайнае, простае чалавечае ласкі.

…А як жа Толік? А як жа ён пасля таго, як прачнуўся раніцаю?

Ён, яшчэ не адзеўшыся, у споднім, пабег да Біма і раптам закрычаў:

— Мама! Дзе-е Бі-ім? Дзе!!!

Мама супакоіла:

— Бім захацеў папысаць, тата выпусціў яго, а ён не вярнуўся. Уцёк. Тата яго клікаў, клікаў, а ён уцёк.

— Тата! — заплакаў Толік. — Няпраўда, няпраўда, няпраўда! — Ён упаў на ложак, хлопчык у споднім, і крычаў з дакорам, з мальбою, у спадзяванні, што гэта няпраўда: — Няпраўда, няпраўда, няпраўда!

Цяпер яго ўзяўся суцяшаць бацька:

— Вернецца ён, вернецца… А не вернецца, то самі знойдзем і возьмем яго да сябе. Абавязкова возьмем. Знойдзем — сабака не іголка.

Толік перастаў плакаць і глядзеў толькі ў адно месца. Потым зірнуў на бацькоў, выціраючы слёзы, і сказаў цвёрда:

— Усё роўна знайду!

Ён так упэўнена сказаў гэта, што бацька і маці апасліва паглядзелі адно на аднаго: «У хлопчыка свая думка».

Ад таго дня Толік стаў маўклівы ў школе і дома, нелюдзімы, насцярожаны да родных.

Ён шукаў Біма. Часам можна было бачыць у горадзе, як чысценькі хлопчык са шчаслівае культурнае сям'і, спыняў прахожых, выбраўшы каго толькі з выгляду, і пытаўся:

— Дзядзечка, а вы не бачылі белага сабаку з чорным вухам?