Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 87

Гавриил Николаевич Троепольский

Ваўчыца разумела, што ў дупло ёй не ўлезці, але яна падышла да яго, пацягнулася пысаю. Бім падаўся назад, аскаліўшы зубы, але ўжо не брахаў, ён быў недасяжны ў сваёй крэпасці.

Колькі часу цягнулася б гэта, невядома. Але ваўчыца павяла носам вакол, крута павярнулася ад дупла і прыгнулася, як перад небяспекай, крок за крокам падалася да тае палянкі, да таго дуба, за якім быў прывязаны Бім. Ішла яна з нейкім жахам у сэрцы, апусціўшы хвост-палена.

У паляўнічым азарце на Біма яна прапусціла гэтае месца, таму што начны дождж моцна змыў пахі, а цяпер, як толькі крыху абветрала, яна і пачула: вяроўка на дрэве, міска з мясам. О, яна ведала, што гэта абазначае: тут быў чалавек! Чалавекам пахне вяроўка, жалезам пахне круглая місачка, а сляды таксама яго; мяса ж — падман, здрада, пастка. Яна крышку прыпынілася, скочыла ўбок і пабегла, як ад вялікае напасці. Так воўк уцякае ад пасткі, якая няўмела пастаўлена — незамаскавана і пахне чалавекам.

Уцякла ад Біма апошняя ў лесе, адважная і ганарлівая ваўчыца.

…Адзіная істота на зямлі, якую ненавідзіць воўк — гэта ты, чалавек. Ходзяць па зямлі апошнія ваўкі, але ты іх застрэліш, гэтых вольналюбівых лясных санітараў лесу і поля, якія ачышчаюць зямлю ад нечысці, падлы, хваробы і рэгулююць жыццё так, каб заставалася толькі здаровае патомства. Ходзяць апошнія ваўкі… Ходзяць таму, каб знішчаць карослівых лісіц, зберагчы ад заразы астатніх, ходзяць таму, каб аслабелыя ад эхінакока зайцы не разносілі хваробу па лесе і па полі і не раджалі дзіцянят хворых і слабенькіх; ходзяць таму, каб у гады, калі многа мышэй, якія разносяць тулерамію, нішчыць іх многа-многа. Ходзяць апошнія ваўкі па зямлі.

Калі яны сумна, з надрывам спяваюць уначы, твая душа, чалавеча, чамусьці здрыганецца ад гэтага адкрытага і яснага вяшчання на ўсё наваколле: «Я-а-а ё-ёсць! Я ёсць!» І ты ж ведаеш, чалавек, што ваўчыца не кране маленькае шчаня-сысуна, а прыме яго, як роднае дзіця; не зачэпіць і малога дзіцяці, а перацягне яго ў логава і будзе падпіхаць да саскоў. Колькі іх, такіх выпадкаў, калі ваўкі з чалавека-дзіцяці выгадоўвалі чалавека-воўка! Шакалы так не ўмеюць. Нават сабакі не ўмеюць. А ці зачэпіць воўк авечку ў сваім раёне, там, дзе жыве? Ніколі. Але ты ўсё роўна баішся воўка, чалавек. Так нянавісць засланяе розум (чаго няма ў жывёлін!) і можа так авалодаць табою, што карыснае палічыш шкодным, а шкоднае — карысным.

Але апошнія ваўкі пакуль што ходзяць па зямлі.

Адзін з іх уцёк ад ненавіснага і небяспечнага чалавечага паху, але не ад Біма. Мы не ведаем, чым бы кончылася іх сустрэча і колькі б праседзела ваўчыца ля дупла. Магчыма, яны і знюхаліся б (яна ж усё-такі была адзінокая ваўчыца, а Бім — самец). Не будзем гаварыць пра тое, чаго не было, толькі напомнім, што людзі бачылі сабаку ў воўчай чарадзе неаднойчы. Але Біма такая доля абмінула.