Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 80

Гавриил Николаевич Троепольский

Таксама невядома. Але Бім сяк-так капнуў раз-другі мяккую пухова-лістоўную зямлю, адгрыз карэньчык і з'еў. І яшчэ з'еў. Валяр'янавы корань амаль зверху, даставаць яго лёгка. Але з'еў ён роўна столькі, колькі яму трэба, і ні кроплі не болей, пакруціўся на адным месцы, быццам вытоптваў, дзе легчы, але месца чамусьці яму не спадабалася (таксама невядома чаму). Зрабіў невялікі круг, потым звузіў яго, натрапіў на стары франтавы акопчык, закіданы даверху лісцем, увайшоў у яго і закруціўся на месцы, але, відаць, не хацеў класціся, быццам бы перамагаў сон: аднак раптоўна ўпаў на пасцель і адразу ж заснуў моцным сном. Валяр'ян узяў сваё. Купыр завуць яго ў Тамбоўскай вобласці. Але ні ў адной вобласці здаровыя сабакі не елі і не ядуць корань купыра, хіба толькі патрэцца каторы аб яго носам, а хворыя вось ядуць. Бім у адносінах да гэтага быў не горшы за астатніх сабак, дарма што інтэлігент. Вось ён і з'еў. Так што вельмі прашу вас, цішэй. Цішэй. У той ямцы спіць наш добры Бім.

Ужо трэція суткі нічога не еў Бім, акрамя травы, не спаў ад болю і асцярогі, відаць, і даўно не спаў так моцна. У ямцы было цёпла і ціха. Лес, прыціхлы па-восеньску, сцярог спакой хворага Біма, лячыў яго травою і гаючым паветрам. Дзякуй табе, лес!

Прачнуўся Бім ужо надвячоркам, вылез з ямы. Ісці хоць і было цяжка, аднак лягчэй, намнога лягчэй, чым раніцою. Усярэдзіне адпусціла. Толькі вось сілы не было яшчэ ранейшае. Ён схадзіў да роднага пянька, пасядзеў крыху і вярнуўся да свайго логаўца. Зноў пасядзеў. І зноў панюхаў навокал, агледзеўся: усё было спакойна. І зноў лёг у цёмную, утульную глыбокую яму. Відаць, Бім сніў прыемны сон. Сапраўды бачыў, таму што злёгку павільваў хвастом.

Так ён праспаў усю ноч і не змёрз.

На світанні яго пабудзіў ціхі шоргат, ён прыпадняў голаў, прыслухаўся: нехта гробся ў лісці. Вылез Бім, прачытаў носам ледзь адчувальныя без ветру, мікраскапічныя струменьчыкі паветра і даведаўся: слонка!

Неадольны паляўнічы азарт напрудзіў слабае цела і прыглушыў боль, які ціснуў усярэдзіне. Слонка была крокаў за пяць, не далей. Яна разграбала лісце, усоўвала нос у мяккую зямлю, дакладна цаляючы ў норку чарвяка-расавіка, выцягвала таго і ахвотна з'ядала. Птушынае крыло цягнулася па зямлі (так застаюцца падранкі пасля гора-паляўнічых, жывуць да зімы, а потым або становяцца лісінаю здабычаю, або гінуць, калі ўхітраюцца ацалець да вялікіх марозаў).

Бім пераступіў — слонка не пачула, захапіўшыся работаю. Пераступіў яшчэ раз — не чуе. Слонцы таксама нельга марнаваць час: у цяпло чарвяк падыходзіць наверх або залягае нават пад шчыльным лісцем. Бім падкраўся вось так, з-за дрэва, і замёр стойкаю. Ніхто не загадаў яму: «Наперад!», хацеў скочыць на птушку і прыціснуць яе лапамі, але скочыць не ўдалося: ён проста ўпаў на зямлю і схапіў слонку зубамі. Патрымаў, лежачы на баку, лёг на жывот і… з'еў дзічыну. Усю. Засталіся толькі пёрцы. Нават дзюбу, зусім мяккую, як вызначыў Бім, таксама з'еў усю.

Як жа гэта атрымалася, што вучаны сабака, настаўлены вопытным паляўнічым, Бім паступіўся сваім гонарам — з'еў дзічыну? Вось у гэтым і справа, і я сам пра гэта думаю. Выйшла так таму, што нават і сабака хоча жыць. Другое меркаванне наўрад ці можа быць.