Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 79

Гавриил Николаевич Троепольский

А дзень жа быў цёплы-цёплы!..

Бывае ў познюю восень, нават і пасля зазімкаў, вернецца лета і патурбуе на адыходзе восень вогненным хвосцікам. І восень прыгрэецца, запесціцца і прыціхне, быццам ласкавы сабака, якога гладзіць жанчына. І тады запахне ў лесе развітальным водарам апалага лісця, рубінавымі ягадамі шыпшыны і бурштынам барбарысу, церпкім і вострым, як перац, падалешнікам, баравіком, якога ніхто не зачапіў і які ўжо рассыпаўся, прамоклы ад вільгаці, але яшчэ пахучы, які напамінае пра мінулае надвор'е, і пацячэ па лесе ўсмешлівы добры дух ад сасны да бярозы, ад бярозы да дуба, а той адкажа магутным пахам сілы, лясное моцы і вечнасці. Ёсць у лясным паху нешта вечнае і невынішчальнае, асабліва адчувальнае ў цёплыя, мяккія і ласкавыя развітальныя, апошнія дні восені; яна ўжо вольная ад нуднага дажджу, злосных зазімкавых налётаў і настырных, да ўсяго ліпучых іголак інею: усё прайшло, усё мінулася. І быццам восень, засынаючы, бачыць сон пра лета, а нам паказвае ўсё, што прыснілася, ва ўсёй велічнасці адухоўленае прыгажосці і ў жыватворных водарах зямлі. Шчаслівы той, хто сумеў узяць сабе ўсё гэта з дзяцінства і пранёс па ўсім жыцці, не выліваючы ні кроплі з падараванага прыродаю сасуда для ратунку душы!

У такія дні сэрца можа дараваць усё, але і яшчэ больш патрабаваць ад сябе самога. Заспакоены, ты зліваешся ў адно з прыродаю. Гэтымі ўрачыстымі хвілінамі асенніх сноў так хочацца, каб не было няпраўды і бяды на зямлі. І ў цішыні адыходзячай восені, агорнуты яе пяшчотнаю дрымотаю, у дні нядоўгага забыцця пра тое, што будзе зіма, ты пачынаеш разумець: толькі праўда, толькі чалавечая вартасць, толькі чыстае сумленне, і пра ўсё гэта — слова. Слова да малых людзей, якія потым будуць дарослымі, слова да дарослых, якія не забыліся, што былі калісьці дзецьмі.

Магчыма, таму і пішу я пра лёс сабакі, пра яе вернасць, пра яе сабачую вартасць і адданасць. Пра таго самага сабаку, што ляжаў цёплага-цёплага асенняга дня ў лесе ля пянька. І сумаваў.

Дык вось, у адзін са шчаслівых дзён прыроды ў лесе ляжаў няшчасны сабака Бім. А дзень стаяў — бог ты мой! — цёплы-цёплы!

Але зямля ж была халодная. Таму Бім скруціўся ля пянька, быццам ля ног у гаспадара, адпачыў крышку ды і пайшоў павольненька лесам, нешта шукаючы. Ля толькі што зрэзанага ясакара ён пачаў грызці сакавітую кару, смачную, любімую ласіную ежу. Ці здагадваўся Бім, што і гэтая кара — гаючая. Людзям, між іншым, і неўздагад, што востры сабачы нюх, мабыць, пазнае па паху, што шкоднае, што не. Не стаў жа Бім есці атрутны падалешнік, а ля кораня валер'яны спыніўся. Чаму сабакі і каты любяць яго пах?