Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 81

Гавриил Николаевич Троепольский

Сілы прыбыло, вось што галоўнае. Захацелася піць. Бім знайшоў лужынку, якіх у гасцінным лесе колькі хочаш, сагнаў смагу. Па дарозе назад абнюхаў мыш: з'еў у прыдачу да першае порцыі. І стаў шукаць траву. Перш сарваў сухія сцябліны дзікага часнаку, выплюнуў іх, затое дастаў яго галоўку. З'еў, зморшчыўся: як ні як, а часнок. Ішоў па лесе і знаходзіў, што яму патрэбна. Бог яго ведае, адкуль стала яму вядома, што ў часнаку — дзве або тры дзесятых працэнта ёду? Ніхто не адкажа на гэтае пытанне. Можна толькі здагадвацца, што ў цяжкія, амаль перадсмяротныя часіны, два дні таму назад, яму як адкрыццё прыйшоў вопыт яго далёкіх прародзічаў, вопыт, запраграміраваны з многіх мінулых стагоддзяў, яшчэ з часу Майсея. І гэта таксама быў цуд прыроды!

Лячыўся Бім яшчэ пяць дзён. Карміўся чым бог пашле, але лячыўся настойліва. Спаў у абжытай яме, стаўшай часова ягоным домам. Аднойчы нават натрапіў на соннага зайчыка, але паспрабаваць яго не давялося: той падхапіўся і даў дзёру. Бім і не спрабаваў яго даганяць. Не дагоніць і здаровы сетэр, а хвораму нечага і думаць. Правёў вачыма, аблізаўся, ды і ўсяго. Аднак лес не крыўдзіў Біма, ён сяк-так карміўся — дрэнна, вядома, але пракарміўся. Хоць ён схудаў, выпятраў ад хваробы і недаядання, ды зёлкі зрабілі сваё — Бім не толькі застаўся жыць, але знайшоў магчымасць ісці далей сваёй дарогаю, шукаць чалавека-сябра. І зноў жа гэта прыйшло без асаблівага розуму, а толькі ад сэрца, адданасці і вернасці.

Калі зноў наведаўся да палянкі з пяньком, прылёг Бім, устаў, і яшчэ прылёг, і яшчэ ўстаў. Відаць, вырашыў ён, што Івана Іванавіча тут не дачакаецца. Вярнуўся да ямы, ад яе зноў да пянька; там і тут затрымліваўся толькі на хвілінку і зноў вяртаўся. Вельмі моцны непакой адчуваўся ва ўсёй гэтай бегатні туды-сюды; непакой мацнеў. Нарэшце ён прабег усё-такі паўз пянёк, не прыпыніўся, а ціхенькаю рыссю пакіраваў да шашы. Гэта было надвячоркам, калі сонца толькі збіралася на адпачынак.

У горад Бім прыйшоў позна ўвечары. У горадзе было светла, не так, як у лесе ноччу, але менавіта гэтае святло і турбавала Біма. Такога з ім ніколі не было раней. І ён пайшоў асцярожна і адначасова паспешна, колькі дазваляла здароўе, кіруючыся, вядома, дадому, да — гаспадара, да Сцяпанаўны, да Люсі, да Толіка: усе яны, відаць, там. Але нечакана для самога сябе, яшчэ ва ўскраінным новым раёне, сярод тых дамоў-блізнят, Бім вырашыў абысці небяспечнае месца, каб не сутыкнуцца з Шэрым. Пайшоў укруга, скіраваў на бакавую вуліцу і ўпёрся ў плот. Пачаў быў яго абыходзіць і нечакана замёр ля варотцаў: Толікаў след. Хлопчык, якога так палюбіў Бім, прайшоў тут. Вось толькі-толькі прайшоў. Варотцы былі зачынены, але Бім не задумваючыся палез падніз і пайшоў па слядах маленькага сябра. Ну, вось толькі, вось толькі прайшоў! Гэта быў малюсенькі парк-сад, а пасярод яго стаяў невялічкі двухпавярховы дом. Туды і павёў след.