Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 6

Гавриил Николаевич Троепольский

— Бачыш, мне стала крышку лягчэй. Я ўжо не адзін. — Ён не прыкмячаў, што ад адзіноты незаўважна прывык гаварыць услых да «яе» ці да самога сябе, а цяпер — да Біма. — Вось я і не адзін, — паўтарыў ён да партрэта.

А Бім спаў.

Так яны і жылі ўдвух у адным пакоі. Бім рос мацаком. Вельмі скора ён даведаўся, што гаспадара завуць Іван Іванавіч. Разумны шчанюк, хітры. Пакрысе ён зразумеў, што нічога нельга чапаць, можна толькі глядзець на рэчы і на людзей. І наогул, нічога нельга, пакуль не дазволіць ці не загадае гаспадар. Так слова «нельга» стала галоўным законам у Бімавым жыцці. А вочы Івана Іванавіча, інтанацыя, рухі, выразныя словы-загады і словы ласкі кіравалі яго сабачым жыццём. Больш таго, самастойныя рашэнні рабіць што-небудзь ніяк не павінны былі супярэчыць жаданням гаспадара. Затое Бім пакрысе пачаў здагадвацца пра некаторыя намеры сябра. Вось, напрыклад, стаіць ён ля акна і глядзіць, глядзіць удалячынь, думае. Тады Бім сам сядае побач і таксама думае. Чалавек не ведае, пра што думае сабака, а ўвесь сабачы выгляд гаворыць: «Зараз мой добры сябар сядзе да стала, абавязкова сядзе. Паходзіць крыху з кута ў кут і сядзе, і будзе вадзіць па белым аркушы палачкаю, а тая ледзь-ледзь шаптаць. Гэта будзе доўга, таму пасяджу я з ім побач». Потым утуліцца носам у вялікую і цёплую далоню. А гаспадар скажа:

— Ну што, Бімка, будзем рабіць? — І сапраўды сядае.

А Бім абараначкам скручваецца ля ног ці, калі будзе сказана «На месца», пойдзе на свой ляжак у куток і там будзе чакаць. Будзе чакаць позірку, руху, слова. Дарэчы, праз колькі часу можна і самому сысці з месца, узяцца за круглую костку, угрызці якую немагчыма, а зубы вастрыць — калі ласка, толькі не перашкаджай.

Але Іван Іванавіч закрые твар рукамі, абапрэцца на стол, тады Бім ідзе да яго і кладзе разнавухую пысачку на калені. І стаіць. Ведае, што пагладзіць. Ведае, што сябру цяжка. А Іван Іванавіч падзякуе:

— Дзякуй, мілы мой, дзякуй, Бімка. — І зноў будзе шаптаць палачкаю па белай паперы.

Так было дома.

Але не так на лузе, дзе абодва забывалі пра ўсё. Тут можна бегаць, весяліцца, ганяцца за матылькамі, качацца ў траве — усё дазвалялася. Аднак і тут пасля васьмі месяцаў жыцця Біма ўсё пайшло па камандзе гаспадара: «Пайшоў-пайшоў!» — можаш гуляць. «Назад!» — вельмі зразумела. «Ляжаць!» — таксама зразумела. «Ап!» — пераскаквай. «Шукай!» — найдзі кавалачак сыра. «Побач!» — ідзі побач, але толькі злева. «Да мяне!» — бягом да гаспадара — будзе кавалачак цукру. І многа іншых слоў уведаў Бім да года. Сябры ўсё болей і болей разумелі адзін аднаго, любілі і жылі, як роўныя, — чалавек і сабака.

Але здарылася аднойчы такое, ад чаго ў Біма перайначылася жыццё, і ён пасталеў за некалькі дзён. Здарылася гэта таму, што Бім раптоўна выявіў у гаспадара вялікі, здзіўляючы недахоп.

А было гэта так. Дбайна і старанна ішоў Бім па лузе чаўнаком, шукаў кінуты сыр, і раптоўна між пахаў травы, кветак, самое зямлі і рэчкі ўварваўся струмень паветра, незвычайны, хвалюючы, пахла нейкай птушкай, ніяк не падобнаю да тых, якіх ведаў Бім, — усякіх там вераб'ёў, вясёлых сініц, плісак і ўсякае драбязы, дагнаць якую нечага і брацца (спрабавалі). Пахла чымсьці невядомым, што хвалявала кроў. Бім прыпыніўся і паглядзеў на Івана Іванавіча. А той збочыў, нічога не заўважыў. Бім быў здзіўлены: сябар жа не чуе. Дык ён жа калека! І тады Бім вырашыў сам: паволі пераступаючы ў пацяжцы, пачаў падыходзіць да невядомага, ужо не гледзячы на Івана Іванавіча. Крокі запаволіліся, ён быццам выбіраў, куды паставіць кожную лапу, каб не зашамацець, не зачапіць за былінку.