Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 67

Гавриил Николаевич Троепольский

— Куды пайшла-а?! — і кінуў паперад яе сваю палку.

Авечка вярнулася. Злева адразу тры захацелі адасобіцца і пасунуліся сабе да зеленаватае плямы, але Алёша зноў пабег і гэтаксама паказаў ім сваё месца. Бім скора скеміў, што ні адна авечка не мае права адбівацца ад чарады, а калі зноў пабег разам з Алёшам, гаўкнуў на тую авечку, якая парушыла парадак і дысцыпліну: «Гаў-гаў-гаў!» — гэтак жа нязлосна, як і Алёша, папярэдзіў ён самавольніцу: — «Куды пайшла-а?!»

— Тата! Чуеш? — крыкнуў Алёша.

Хрысан Андрэевіч аглянуўся і крыкнуў з адабрэннем:

— Маладзец, Чарнавух!

На схіле яра ён падняў над галавою палку і яшчэ закрычаў гэтак жа моцна:

— Распуска-ай! — А сам запаволіў крок, ішоў поперак ходу чарады.

Алёша пачаў рабіць тое ж самае, але тут, ззаду, ён крочыў хутка, нават падбягаў, наганяў авечак на Хрысана Андрэевіча. І тады чарада пакрысе разыходзілася ўсё шырэй і шырэй, і нарэшце, не перастаючы шчыпаць траву, выстраілася ў шнурок, па тры-чатыры авечкі. Цяпер Хрысан Андрэевіч спыніўся, акінуў позіркам строй, а побач з ім спыніўся і баран-важак. Пастух дастаў з сумкі буханку хлеба, адрэзаў акрайчык — чамусьці аддаў яго барану. Бім не мог ведаць, што баран-важак абавязкова павінен не толькі не баяцца пастуха, а нават любіць яго, а таму, ад свайго няведання, ён бачыў проста пацвярджэнне таго, што Тата — добры чалавек, — і толькі. А Тата, калі начыстату, быў яшчэ чалавек і хітры — баран хадзіў за ім, як сабака, і заўсёды адзываўся на кліч. Не, Біму, вядома, нельга было спасцігнуць усю пастухову мудрасць. А Хрысан Андрэевіч ведаў, што дурны баран, які адбіўся ад чарады, ды яшчэ калі няма сабакі, завядзе чараду чортведама куды — толькі прамаргай, засні ад стомы і разморанасці на сонечным прыгрэве. Не, тут баран-важак быў незвычайны, вучаны баран, таму і Біма ён прыняў з адкрытаю душою.

Хрысан Андрэевіч закурыў люльку і сказаў Алёшу:

— Ты не табунуй, не табунуй — тут ёсць чым пажывіцца.

А што ты думаеш, дарагі мой чытач? Накарміць авечку позняй восенню — работа не такая і простая: калі не ўмееш, то праз тыдзень палавіна чарады здохне, і там, дзе добрая кармёжка, стопчуць яе, і ўся тут марока, а калі разумна будзеш пасвіць, то і на беднаватай пашы авечка будзе і сытая, і накормленая. Ухітраецца Хрысан Андрэевіч накарміць чараду на пустках ды на ўскрайках, перад самымі трактарамі, калі яны аруць на восень, а для гэтага патрэбен талент, і прызванне, і любоў да жывёлы. Вялікая работа — пасвіць авечак, а наогул-то, і прыгожая, таму што чалавек-пастух, часам і не задумваючыся пра тое, адчувае сябе неадлучнаю частачкаю прыроды і яе гаспадаром і дабрадзеем. Вось у чым цымус. Чытач даруе, што я да часу забыўся пра нашага Біма і загаварыў пра чалавека на прыволлі позняй восені.

Такім чынам, авечкі з дружным патрэскваннем шчыпалі кароткую траву і хрумсталі так дружна, што ўсё гэта сплывалася ў адзін суцэльны гук, спакойны і роўны, заспакойваючы. Цяпер Тата і Алёша былі блізка адзін ад аднаго і гаварылі ўжо ціха, не крычалі, як раней, здалёку.