Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 68

Гавриил Николаевич Троепольский

Алёша запытаў:

— Тата, спусціць Чарнавуха?

— Давай паспрабуем. Не павінен ён уцячы зараз: ад волі на волю не ўцякаюць. Спушчай, але спачатку адстань з ім, пагуляй, не табунуй авечак.

Алёша пачакаў, пакуль чарада адышла далей, адвязаў вяроўку і весела крыкнуў:

— Чарнавух! Пабеглі! — Тут ён кінуўся бегчы з узгорка ў яр, топчучы ботамі траву і падскокваючы.

Бім узрадаваўся немаведама як. Ён таксама падскокваў, стараўся лізнуць Алёшу ў шчаку, адбягаўся ўбок і стралою імчаў назад у захапленні ад поўнае волі; потым схапіў нейкую палку і памчаў да Алёшы, сеў перад ім. Алёша ўзяў тую палку, кінуў і загадаў:

— Падай, Чарнавух!

Бім прынёс яе і аддаў. Алёша яшчэ раз кінуў, але цяпер не ўзяў з рота ў Біма, а пайшоў з яра да чарады і загадаў:

— Чарнавух, трымай! Нясі!

Бім пайшоў за ім з ношкаю. Калі ўзышлі, Алёша замест палкі даў яму сваю шапку. Бім з задавальненнем панёс яе. Алёша ж бег падскакваючы і паўтараў:

— Нясі, Чарнавух. Нясі, мой маладзец. Вось добра! Вось добра! — Але да чарады яны падыходзілі ціха («не ганяй авечак»). Алёша загадаў:

— Аддай Тату.

Хрысан Андрэевіч выставіў руку. Бім аддаў. Новая яго вартасць стала вядома пастухам нечакана. Усе ўтрох былі ў захапленні.

А не болей чым праз тыдзень Бім сваім розумам дайшоў, што ў яго ёсць абавязак: закіроўваць самавольных авечак да чарады, пільнаваць іх, калі яны распушчаны шнурком, але не пярэчыць, калі, зайшоўшы вечарам у вёску, яны разыходзяцца дадому.

Бім пазнаёміўся з двума сабакамі, якія пільнавалі калгасную чараду, дзе было трое пастухоў, усе дарослыя, і ўсе таксама ў плашчах. Хоць чароды калгасныя і калгаснікаў ніколі не падпускаліся блізка адна да аднае і не мяшаліся, але ў час кароткіх асенніх прыпынкаў на тырлішчах Алёша бегаў да калгасных пастухоў, а Бім разам з ім да калгасных сабак. Добрыя сабакі, паджарыя, шарсцістыя, вялікія, але спакойныя, паслухмяныя; яны нават гулялі з Бімам спакойна і паблажліва, а вакол чарады хадзілі паволі, пяшком, а не так, як Бім, падскокам альбо галопам: з адчуваннем сваёй вартасці сабакі. Падабаліся яны Біму. І авечкі таксама харошыя.

Пачалося вольнае працоўнае жыццё і ў Біма. Хаця яны ўсе ўтрох вярталіся стомленыя і таму прыціхлыя, але то была воля і давер адзін да аднаго. Ад такога жыцця сабака не ўцякае.

Але аднойчы, неяк нечакана, пасыпаўся снег, закруціўся вецер, захадзіў, замяцеліў. Хрысан Андрэевіч, Алёша і Бім збілі авечак у чараду, пастаялі крыху ды і павялі ў вёску. На авечках быў белы снег, на плячах у людзей снег, на зямлі таксама снег. Усюды белы снег, толькі снег у полі — больш нічога. Завітала зіма, упала з неба.

Ці то Хрысан Андрэевіч вырашыў, што такому сабаку, як Бім, нельга спаць з падсвінкамі або сядзець на прывязі, ці з-за чаго іншага, але Бім перайшоў цяпер начаваць у цёплую будку, збітую ў кутку ў тых самых сенцах і напханую мяккім сенам.