Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 65

Гавриил Николаевич Троепольский

Кармілі Біма вельмі добра, а акрамя таго, і парасяты — ужо рослыя, Біму напаўросту — не пярэчылі, калі ён здымаў пробу ў іхнім карыце. Кожнай раніцай ён меў амаль літр малака, якое тут не лічылі дарагім. Здавалася, што б яшчэ трэба сабаку? Але двор гэта двор — клетка, лагер, адгароджаны тынам і заўсёды зачыненымі варотамі і веснічкамі. Не паляўнічага гэта сабакі занятак — ляжаць, пільнаваць курэй, гадаваць парасят, — не і не, ды яшчэ з такім выдатным нюхам, які — мы ўжо ведаем — меў наш Бім.

Ён ужо прывык да свайго двара, да яго жыхароў, не дзівіўся сытаму жыццю. Але калі з лугу цягнула вецярком, Бім неспакойна хадзіў ад плота да плота ці станавіўся на заднія лапы перад тынам, быццам хацеў хоць крышку бліжэй быць да вышыні, і глядзеў угару, у неба, дзе ляталі галубы — лёгкія, вольныя. Нешта смактала ўсярэдзіне, і ён невыразна адчуваў, што і пры такім сытым жыцці і добрым доглядзе не хапае нечага самага галоўнага.

…Ах, галубы вы, галубы, нічога вы не ведаеце пра сытага сабаку ў няволі!

Бім адчуў яшчэ і тое, што не цалкам яму давяраюць, калі не выпускаюць. Кожнай раніцай Хрысан Андрэевіч і Алёшка выганялі сваіх авечак з двара і ішлі за імі на ўвесь дзень, у плашчах, з палкамі. А Біма, як ён ні прасіўся, пакідалі на двары.

І вось аднойчы Бім ляжаў, уткнуўшыся носам у тын, а вецер прыносіў весткі: луг ёсць, дзесьці непадалёку ёсць лес. Воля побач! Убачыў у шчыліну — прабег сабака. Тады яму і стала неўмагату. Ён грабянуў лапаю зямлю пад тынам раз, другі, грабянуў яшчэ раз і давай працаваць на ўсю сілу: пярэднімі гроб зямлю пад сябе, а заднімі адпіхаў далей; нават і разлапістаю можна працаваць, хоць і не на ўсю сілу.

Невядома, што было б пасля таго, але калі Бім ужо канчаў падкоп, увайшлі на двор авечкі. Яны ўбачылі, як ляціць зямля з-пад тыну, і шарахнуліся назад у веснічкі, дзе стаяў Алёшка. Авечкі павалілі Алёшу і шуганулі па вуліцы, як дурныя. Алёша пабег за імі, а Бім не звяртаў увагі ні на каго: гроб і гроб!

Але падышоў Хрысан Андрэевіч, узяў яго за хвост. Бім затаіўся ў сваёй нары, быццам нежывы.

— Занудзіўся, Чарнавух? — спытаў Хрысан Андрэевіч, чуць пашморгваючы за хвост, запрашаючы Біма назад.

Бім вылез. Што зробіш, калі цябе цягнуць за хвост!

— Што з табою, Чарнавух?! — здзівіўся Хрысан Андрэевіч і адступіўся, утрапёны: — Ты хоць не ўскруціўся?

Вочы ў Біма набеглі крывёю, ён нервова перасмыкаўся, вадзіў носам у бакі, часта-часта дыхаў, быццам толькі што кончыў цяжкае паляванне. Ён неспакойна забегаў па двары і нарэшце пачаў драпаць за варотцы, азіраючыся на Хрысана Андрэевіча.