Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 66

Гавриил Николаевич Троепольский

Той стаяў пасярод двара і моцна задумаўся. Бім падышоў да яго, сеў і гаварыў позіркам зусім зразумела: «Мне трэба туды, на прыволле. Пусці мяне, пусці!» Ён, просячы, выпрастаўся на жываце і заскуголіў так ціха і жаласна, што Хрысан Андрэевіч нагнуўся і пачаў яго лашчыць.

— Эх, Чарнавух, Чарнавух… І сабаку хочацца волі. Ку-ды-ы там! — Затым паклікаў Біма ў сенцы, паклаў на сена, прывязаў за вяроўку і прынёс міску з мясам.

Вось і ўсё. Сумна. Сытае жыццё без волі апрацівела Біму.

Мяса ён не зачапіў.

Раздзел 12. На палявым прыволлі. Незвычайнае паляванне. Уцёкі

Раніцою, як і кожнага дня, у доме Хрысана Андрэевіча ўсё паўтаралася па заведзенаму парадку: спружына працоўнага дня пачала раскручвацца пасля апошніх, трэціх пеўняў, потым абазвалася карова, Пятроўна падаіла яе і запаліла ў печы; Алёша выйшаў палашчыць свайго, цяпер ужо любімага, Чарнавуха, Тата пакарміў карову і свіней, пасыпаў курам, потым усе селі да стала снедаць. Бім тае раніцы не ўзяў нават пахучага малака, хоць Алёша прасіў і ўгаворваў. Потым, пакуль бацькі ўходжваліся на двары, Алёша схадзіў па ваду, і вычысціў каровін катух, і яшчэ раз прасіў Біма, каб пад'еў, соваў нос у міску, але, маеш, Чарнавух нечакана амаль счужэў. Пад канец збораў на работу Хрысан Андрэевіч натачыў вялікі нож і запхнуў яго ў шчыліну над дзвярыма.

Зацемна Пятроўна ўшушкалася ў сваё тоўстае адзенне і хусткі, узяла сумку і той вялікі нож, што тачыў Тата, і пайшла. Следам, апрануўшы плашчы, выйшлі на двор Алёша з бацькам і, чуваць, выпусцілі авечак на вуліцу.

Няўжо пакінулі Біма аднаго, ды яшчэ на прывязі ў цёмных сенцах? Бім не вытрымаў — завыў горка і безнадзейна.

І тут адчыніліся дзверы, увайшоў Хрысан Андрэевіч, адвязаў Біма і вывеў на ганак, потым замкнуў дзверы, пакіраваў да чародкі авечак, ля якіх стаяў Алёша, перадаў яму з рук у рукі Біма на вяроўцы, а сам зайшоў спераду авечкам і крыкнуў:

— Пайшлі, пайшлі-і!

Авечкі рушылі за ім па вуліцы. З кожнага двара да іх далучалася то пяць, то дзесяць, так што ў канец вёскі сабралася добрая чарада. Папераду ўсё гэтак жа ішоў Хрысан Андрэевіч, ззаду Алёша з сабакам.

Дзень выпаў марозны, сухі, зямля пад нагамі цвёрдая, амаль гэтакая ж, як асфальт у горадзе, толькі не такая роўная; нават заляталі густа сняжынкі, закрыўшы на некаторы час і без таго халоднае сонца, але зараз жа і скончыліся. Гэта была ўжо не восень, але яшчэ і не зіма, а проста-напраста пазначассе, ні то ні сё, калі вось-вось акажацца зіма, жаданая, але заўсёды нечаканая.

Авечкі бадзёра пастуквалі капыцікамі і бляялі, перагаворваліся на сваёй напеўнай авечай мове, зразумець якую няма ніякага розуму. Прыгледзеўшыся, Бім заўважаў, што паперадзе чарады, нага ў нагу з Хрысанам Андрэевічам, ішоў баран з закручанымі рагамі, а ззаду за ўсімі, проста перад Алёшам, кульгавенькая авечка. Алёша зрэдку памаленьку падпіхаў яе кручком палкі, каб не адставала, і тады крычаў:

— Тата, цішэй крыху! Кульгавенькая не можа!

Той ішоў цішэй, не аглядваўся, а разам з ім цішэй ішла і ўся чарада.

Бім ішоў на вяроўцы. Ён бачыў, як спаважна тупаў Тата перад авечкамі, як яны падпарадкаваліся кожнаму яго руху, як Алёша дзелавіта, засяроджана пільнаваў авечак ззаду і з бакоў. Вось адна з іх адбілася і, пашчыпваючы жаўтаватыя травінкі, пакіравала ў бок ад чарады. Алёша пабег з Бімам і крыкнуў: