Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 63

Гавриил Николаевич Троепольский

Пабудзіў Біма пеўнеў крык. Некалі ён яго чуў неаднойчы, але не так блізка, а гэты — проста за сцяною, гучна, працяжна і з гонарам: «Кука-рэ-ку-у-у!» Яму адгукнуліся ўсе вясковыя пеўні. (Крыху пазней Бім даведаўся, што гэты певень — запявала і што такія пеўні сярдзітыя.) Бім сядзеў і слухаў дзіўную музыку; далей яна кацілася па вёсцы хвалямі — то бліжэй, то далей, у залежнасці ад таго, чыя была чарга, а апошні, адзін пракукарэкаў нейкі немагушчы пеўнік, хрыпла, коратка і непадобна да пеўня, вартага павагі. Потым, праз некаторы час, Бім разабраўся, што такія пеўні — баязліўцы, уцякаюць ад чужога пеўня, які ўрываецца на іх двор, хоць па ўсіх правілах курынага жыцця гэты баязлівец павінен абараняць спакой падпарадкаваных яму курэй. А ён, ідал, уцякае. Затое менавіта такі певень бязлітасны да чужых куранят — клюе, такая падла, а між іншым ні адзін певень, калі ён паважае сам сябе, ніколі не клюне кураня, якое прыбілася невядома адкуль. Такі вось і заспяваў апошні, і толькі тады, калі, відаць, пераканаўся, што не памыліўся наконт часу. Людзі б назвалі такога пеўня кан'юнктуршчыкам, але Біму ўсяго-наўсяго было толькі смешна. Дарэчы, Бім зусім не ўяўляў, што па такім здохлым пеўню ніхто ніколі не правярае час.

Бім прылёг і задрамаў. Раптам зноў з канца ў канец пракаціўся па вёсцы спеў. І Бім зноў сеў і зноў слухаў з вялікім задавальненнем. Потым трэці раз, яшчэ мацней, галасіста, нават урачыста! Ах, цудоўна спяваюць! Во дзе сіла! А што яны вытваралі недзе далёка — і ўявіць нельга! Бім пакуль што не ведаў, што гэта раскашавалі хорам на калгаснай птушкаферме, па няпісаных нотах, белыя, як кіпень, самаўпэўненыя пеўні-прыгажуны, і таго разу, каб не быў ён запёрты ў сенцах, ён абавязкова збегаў бы і паглядзеў і паслухаў такое дзіва. Але сенцы былі яму за клетку.

Праз шчыліну ў дзвярах і ў сенцы пакрысе запаўзаў шэранькі восеньскі досвітак. Бім устаў, агледзеў сенцы: стаіць дзежка са збажыною, у адным кутку — засек з кукурузнымі пачаткамі, у другім — качаны капусты. Вось і ўсё.

Выйшла з вядром Пятроўна. Бім прывітаў яе. Яна — на двор, і Бім — на двор, следам. Яна села пад карову. Бім — непадалёку. Струменьчыкі зазвінелі аб вядро, а Бім затупацеў пярэднімі лапамі ад здзіўлення: малако! Карова стаяла спакойна і жавала сабе, без нічога ў роце, — быццам шаптала і булькала сімпатычная жывая цыстэрна з адкрытымі кранікамі.

Пятроўна скончыла даіць, паклікала Біма («Чарнавух»), наліла яму ў міску малака, сказала: «Нельга», чуць пастаяла, сказала: «Вазьмі», добра засмяялася і заспяшала ў хату.

Ах, божа мой, якое гэта было малако! Цёпленькае, духмянас, тут табе і травою пахне, і кветкамі, полем — усім разам, а яшчэ (гэта цяпер дакладна), яшчэ — рукамі Пятроўны, а не проста чалавечымі рукамі наогул, як здалося гэта Біму ўчора здалёку. Бім выхлебтаў усё, вылізаў, справіў ранішнія патрэбы і скоранька агледзеў двор. Карова сустрэла яго зусім даверліва, нават лізнула ў галаву, за што Бім дакрануўся языком да яе шурпатае, малочна-пахучае пысы; авечкі з-за перагародкі патупалі на яго капытцамі, быццам бы пагражалі, і тут жа супакоіліся, бо ўбачылі, што Бім не ўсчынае ніякае агрэсіі; свіння і двое парасят на першы раз і не паглядзелі на Біма, а проста пахрукалі між сабою і нават не варухнуліся, хаця і ляжалі галовамі да Біма, ля плоціка. Так сустрэлі яго чатырохногія, але куры — гэта та-абе! Уласна, не самі куры, а чырвоны певень. Ён, як толькі зляцеў з седала, залопаў крыллем і злосна забурчаў: «Ко-ко-ко-ко-ко!» Ды і кінуўся на Біма, як коршак. Чырвоны певень з чырвоным грэбенем ударыў сабаку грудзьмі і кіпцямі. (Вось якія пеўні бываюць!) Бім гыркануў на яго ў адказ і ўдарыў лапаю. І адразу ж, у тое самае імгненне, певень звесіў крылле і прыгнуўся, пабег у куток двара да курэй, што сабраліся чародкаю, як зацікаўленыя гледачы; уцякаў ад Біма зусім перапалоханы, а падбег да іх ужо як герой. Ды яшчэ і закрычаў: «Вось як я яму! Вось як, вось як!» Куры дружна хвалілі пеўня на ўсю сваю курыную моц. І што вы думаеце? Бім пільна паглядзеў на пеўня з павагаю. Што ні кажы, а Бім ні разу не бачыў, каб птушка кідалася на сабаку. А гэта ўсё-такі месца мае.