Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 61

Гавриил Николаевич Троепольский

Бім — іншая справа: ён шчыры і прамадушны. Калі чаго не ведае, то так і з выгляду: што не ведаю, тое не ведаю. Калі не любіць каго, то так і скажа: «Нядобры ты чалавек. Ідзі адсюль! Гаў!» І забрэша часам так, што дай бог!

Жанчыну, якая дастае недзе такое цудоўнае малако, ён не мог не паважаць. Таму ён усё глядзеў і глядзеў на тыя дзверы, куды яна пайшла з вядром.

Але нехта падышоў з вуліцы і рашуча расчыніў дзверы.

«Хто? — адным словам запытаўся Бім. — Гаў!»

Чалавек шарахнуўся назад. З дому выбег Тата, уключыў у сенцах святло і запытаўся:

— Хто тут?

— Я, брыгадзір, — адказаў незнаёмы.

Потым ён зайшоў у сенцы, яны паціснулі адзін аднаму рукі (значыцца, сябры — брахаць нельга) і падышлі да Біма. Тата прысеў на кукішкі, гладзіў Біма і гаварыў:

— А ты маладзец, Чарнавух. Маладзец — службу ведаеш. Харошы сабака. — Адвязаў яго і ўпусціў у пакой.

Саміае галоўнае — у хаце была і кульгавая курыца. Бім прыцэліўся на яе, зрабіў стойку, прыпадняўшы пярэднюю лапу, але неяк няўпэўнена, а гэта азначала, што ён гаварыў прысутным: «Што гэта за птушка? Нешта не даводзілася…»

— Глядзі, брыгадзір! — крыкнуў Тата. — Гэта ж залаты сабака, Чарнавух, — на ўсе рукі!

Але паколькі курыца не звярнула на Біма ўвагі, то ён сеў, усё ж скоса пазіраючы на яе, што па-сабачы абазначала: «От мне… Знайшлася!.. Яшчэ і ты!» І зірнуў на прысутных.

— І курэй не зачэпіць! — захапляўся Алёшка.

Бім уважліва глядзеў на яго.

— А вочы! Мама, а вочы! Як у чалавека, — радаваўся Алёшка. — Чарнавух, ідзі да мяне… да мяне!

Хіба Бім маўчаў у адказ на шчырую радасць? Ён падышоў да Алёшы і сеў побач.

За сталом пайшла гаворка. Тата адкаркаваў бутэльку, Мама падала ежу. Брыгадзір выпіў усё са шклянкі, Тата таксама. Мама — таксама. Алёша чамусьці не піў, а еў вяндліну і хлеб. Ён кінуў кавалачак пасярод падлогі, але Бім не скрануўся з месца (трэба ж было сказаць: «Вазьмі!»).

— Інтэлігент, мабыць, — заўважыў брыгадзір, — хлеба не есць.

Курыца прыкульгала і забрала той кавалачак, які належаў Біму. Усе смяяліся, а Бім уважліва-ўважліва глядзеў на Алёшку: смеху мала, калі не разумееш адзін аднаго, хоць і сябруеш.

— Пачакай, Алёша, — сказаў Тата. Ён паклаў кавалачак хлеба на падлогу, адагнаў куру і сказаў Біму: — Вазьмі, Чарнавух, вазьмі!

Бім з задавальненнем пракаўтнуў смачны кавалачак хлеба, хаця і быў пад'еўшы.

Брыгадзір таксама паклаў на падлогу кавалачак вяндліны.