Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 62

Гавриил Николаевич Троепольский

— Нельга! — папярэдзіў ён.

Бім сядзеў. Кура бачком-бачком пакульгала да вяндліны, але толькі-толькі сабралася клюнуць, Бім фыркнуў, чуць не штурхануў яе носам. Адным словам, цырк, дый годзе.

— Чарнавух, вазьмі! — дазволіў брыгадзір.

Бім акуратна з'еў і гэты кавалачак.

— Усё! — крычаў Тата. Ён і так гаварыў моцна, а пачырванеўшы, стаў яшчэ дабрэй. — Чарнавух — цуд цудам што ні на ёсць! — І нават абняў яго.

«Харошыя людзі», — падумаў Бім. Яшчэ яму спадабаліся вусы ў Таты, мяккія, далікатныя, гэта ён адчуў, калі той абдымаў.

А потым пачалася такая размова, з якое Бім зразумеў толькі адно слова — «авечкі», але затое дакладна вызначыў, што абодва мужчыны спачатку пачалі спрачацца.

— Ну, Хрысан Андрэевіч, давай пра справу. — Брыгадзір паклаў руку на плячо Таты. — Авечкі есці хочуць ці не хочуць?

— Хочуць, — адказаў Тата. — Толькі мой тэрмін кончыўся, мне — да пакроў, а пакровы прайшлі.

— Авечкі людскія, асабістыя, а не калгасныя, і яны таксама хочуць карміцца. Мне калгаснікі вушы пратрубілі: снегу няма, паша пад нагамі, авечкі да снегу павінны быць на падножным. І праўду кажуць.

— «Авечкі — да снегу…» А я жалезны? А Алёшка табе — жалезны?

— Пакуль снег, Хрысан Андрэевіч — угаворваў брыгадзір, — удвая плаціць будзем. Зразумеў?

— Не буду, — спакойна, але настойліва паўтараў Тата. — Баба мая на бураках закісла — трэба дапамагаць, а ты — «пакуль снег».

Але ўсё-такі яны паляпалі адзін аднаго па руках са згодаю і перасталі далдоніць «авечкі да снегу». Потым брыгадзіра правялі на ганак усе ўтраіх, забыўшыся пра Біма.

Ну і што ж, ён таксама выйшаў на ганак, абабег навокал двара, пастаяў за тынам, пастаяў, удыхнуў пах авечак, з якімі звязан адзін з успамінаў пра любімага адзінага чалавека, і нерашуча прысеў.

Ноч. Восеньская чорная ноч у вёсцы, ціхая, затоеная ад зімы, хоць і гатовая сустрэць яе. Усё ў гэтай ночы невядома Біму. Сабакі наогул не любяць падарожнічаць уночы (хіба толькі бяздомныя, якія не вераць людзям і абмінаюць іх), а Бім… Што тут казаць! Бім пакуль што сумняваўся. Ды і Алёша — такі харошы маленькі чалавек.

Сумненні перапыніў Алёшкаў голас. Ён трывожна, на ўсю моц закрычаў:

— Чарнаву-ух!

Бім падбег і ўвайшоў следам за ім у сенцы. Алёша паклаў яго на месца, падаткнуў з бакоў сена, палашчыў і пайшоў спаць.

Усё заціхла. Не чуваць ні трамвая, ні тралейбуса, ні гудкоў — нічога звыклага.

Новае жыццё пачалося.

Сягоння Бім даведаўся, што Тата — яшчэ і Хрысан Андрэевіч, а Мама — яшчэ і Пятроўна, Алёша ж — так Алёша і ёсць. Акрамя таго, да курыцы ён не меў пагарды, але і не паважаў: на яго сабачы розум, птушка павінна лятаць, а гэтая толькі ходзіць, а таму і не варта, каб яе, бяскрылую, паважалі. Але вось авечкі — яны напамінаюць пра Івана Іванавіча; Алёша таксама пахне авечкамі… Пятроўна — зямлёй і буракамі… А такі земляны пах заўсёды турбаваў Біма. Магчыма, і Іван Іванавіч сюды прыйдзе…

Бім заснуў, сагрэўшыся ў цёплым сене. У такім сене, ад водару якога міжволі хочацца ўсміхнуцца, нават чалавек засынае адразу, і ад гэтага паху свежага сена ў яго ўзнікае ўваччу блакітны колер перад сном. Біму ж намнога лепш было чуваць усе самыя тонкія адценні гэтага водару, які заспакойваў, унімаў яго сум.