Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 4

Гавриил Николаевич Троепольский

А магчыма, мастак і намаляваў сабак у цэнтры, як дакор людзям за іх маладушша на пару няшчасця, як сімвал вернасці, надзеі і адданасці? Усё магчыма. Гэта было даўно.

Карціне Д. Бассано больш за трыста год. Няўжо чорнае з белым у Біма ідзе з тае пары? Гэтага не можа быць. Але як сказаць, прырода яна прырода.

Аднак наўрад ці гэта паможа чым-небудзь адвесці ад Біма абвінавачванне ў анамаліях расфарбоўкі цела і вушэй. Таму што, чым старадаўней будуць прыклады, тым больш абвінавацяць яго ў атавізме і непаўнавартасці.

Не, трэба шукаць нешта іншае. Калі нехта з кінолагаў напомніць мне пра карціну Д. Бассано, то можна, у крайнім выпадку, сказаць проста: а якія адносіны да яго маюць чорныя вушы ў Бассано?

Пашукаем звестак, якія бліжэй да Біма ў часе.

Выпіска са стандарту паляўнічых сабак: «Сетэры-гардоны выведзены ў Шатландыі… Парода аформілася да пачатку другое палавіны XIX стагоддзя… Цяперашнія шатландскія сетэры, захаваўшы сваю моц і масіўнасць касцяка, набылі хутчэйшы ход. Сабакі спакойнага, мяккага характару, паслухмяныя і незласлівыя, яны рана і лёгка бяруцца за работу, вельмі спраўныя на балоце і ў лесе… Характэрна добра прыкметная, спакойная, высокая стойка з галавою, не апушчанай ніжэй за загрывак…»

З двухтомніка «Сабакі» Л.П.Сабанеева, аўтара цудоўных кніг — «Паляўнічы каляндар» і «Рыбы Расеі»:

«Калі мы прымем да ведама, што ў аснове сетэра ляжыць самая старажытная раса паляўнічых сабак, якая на працягу многіх стагоддзяў атрымоўвала, калі можна сказаць, дамашняе выхаванне, то не будзем дзівіцца таму, што сетэры ці не самая культурная і інтэлігентная парода».

Так! Бім, значыцца, сабака інтэлігентнай пароды. Гэта можа спатрэбіцца.

З тае самае кнігі Л.П.Сабанеева:

«У 1847 годзе Пэрлендам з Ангельшчыны былі прывезены, у падарунак Вялікаму Князю Міхаілу Паўлавічу, два цудоўныя прыгожыя сетэры вельмі рэдкае пароды. Сабакі нават не прадаваліся і былі выменены за каня, які каштаваў 2000 рублёў…»

Вось табе і на! Вёз падарунак, а садраў кошт дваццаці прыгонных. Але ж ці вінаваты сабакі? І пры чым тут Бім? Гэта не гадзіцца.

З ліста вядомага ў свой час прыродалюба і сабакавода С.В.Пенскага да Л.П.Сабанеева:

«У часе Крымскае кампаніі бачыў я вельмі прыгожага сетэра ў Сухава-Кабыліна, аўтара «Вяселля Крэчынскага», і жоўта-пярэстых у Разані ў мастака Пятра Сокалава».

Ага, гэта бліжэй да сутнасці. Цікава: нават сатырык у тыя часы меў сетэра. А ў мастака — жоўта-пярэсты. Ці не адтуль твая кроў, Бім? Вось бы! Але пры чым тады… чорнае вуха? Незразумела.

З таго ж ліста:

«Пароду чырвоных сетэраў трымаў таксама маскоўскі прыдворны доктар Берс. Адну чырвоную сучку ён злучыў з чорным сетэрам нябожчыка Імператара Аляксандра Мікалаевіча. Якія нарадзіліся шчанюкі і куды яны падзеліся — не ведаю; ведаю толькі, што аднаго з іх выгадаваў сабе ў вёсцы граф Леў Мікалаевіч Талстой».

Стой! Ці не тут? Калі твая нага і вуха чорныя ад сабакі Льва Мікалаевіча Талстога, ты шчаслівы сабака, Бім, нават без асабістага лісціка пароды, самы шчаслівы сабака на свеце. Вялікі пісьменнік любіў сабак.