Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 57

Гавриил Николаевич Троепольский

«Ад яго пахне лесам», — сказаў чорны сабака, гледзячы на міліцыянера.

— Былі ўчора на паляванні, — пацвердзіў Іван Іванавіч.

«Які ты чысцюля», — сказаў Бім чорнаму, канчаючы законны абрад абнюхвання.

«А як жа інакш! Работа такая», — віляў кароткім хвастом чорны.

У знак сяброўства, якое намячалася, яны нават распісаліся на адным і тым жа дрэве, знізу.

Не, міліцыянер чалавек добры, ён сабак любіць, тут Біма не абхітрыш і не абманеш.

І ён сабе бег і бег ціхенька ўздоўж трамвайнага пуці, але збоку, бо памятаў, што наступаць на жалезныя палосы нельга — прышчэмяць нагу.

На канцавым кальцы ён даў кругаля па ходу трамвая і затрымаўся ля прыпынку. Пасядзеў, паглядзеў: людзі навокал усе добрыя. Так. Гэта ўжо добра. Адсюль яны пераходзілі з Іванам Іванавічам вуліцу — вунь да таго месца з дошчачкаю на слупе. Бім пайшоў туды не спяшаючыся і сеў побач з чаргою, якая чакала аўтобуса. Прыгледзеўся: зноў дрэнных людзей не відаць.

Калі падышоў аўтобус, чарга папаўзла ў дзверы, а Бім патупаў апошні, як і трэба кожнаму сціпламу сабаку.

— Ты куды? — закрычаў шафёр. Раптам ён азірнуўся яшчэ раз на Біма і праспяваў: — Пачакай, пачакай. Ды я ж цябе ведаю.

Бім таксама зразумеў, што гэта той сябар, які ўзяў з рук гаспадара паперку. І завіляў хвастом.

— Памятае, сабачая душа! — усклікнуў шафёр. Потым падумаў і паклікаў Біма ў кабінку: — Да мяне!

Бім умасціўся там, прыціснуўшыся да сценкі, каб не перашкаджаць, умасціўся хвалюючыся: менавіта ж гэты шафёр вёз некалі іх з Іванам Іванавічам на паляванне, у лес.

Аўтобус гырчаў і гырчаў, ехаў і ехаў. Сціх ён на тым прыпынку, дзе Бім заўсёды выходзіў з Іванам Іванавічам у лес. Вось тут-то Бім і захадзіўся. Ён драпаў за дзверы, скуголіў, прасіўся са слязамі: «Выпусці. Мне сюды і трэба».

— Сядзець! — строга прыкрыкнуў шафёр. Бім паслухаўся. Аўтобус зноў загырчаў. Адзін пасажыр падышоў да шафёра і спытаўся, паказваючы на Біма:

— Твой сабака?

— Мой, — адказаў той.

— Вучаны?

— Не вельмі… Але разумны. Бачыш? Глядзі: ляжаць!

Бім лёг.

— Можа, прадасі сабачку? Мой памёр, а я чараду авечак пасу.

— Прадам.

— Колькі?

— Чацвярцінку.

— Ого! — вымавіў пасажыр і адышоў, палашчыўшы Біма за вуха, праказваючы: — Харошы сабачка, харошы.

Добра вядомы Біму гэтыя ласкавыя словы, словы гаспадара. І ён вільнуў хвастом чужому.

Бім цяпер зусім не ведаў, куды едзе. Але зараз, гледзячы ў ветравое шкло, ён запамінаў дарогу, як запамінае кожны сабака, калі ўпершыню едзе па новым месцы: так ужо ў сабак вядзецца — ніколі не забываць дарогу назад. У людзей гэты інстынкт з вякамі знікаў і знік амаль. А дарэмна. Вельмі патрэбна ведаць дарогу назад.

На адным з прыпынкаў той добры чалавек, ад якога пахла травою, выйшаў з аўтобуса. Шафёр таксама выйшаў, пакінуўшы Біма ў кабіне. Бім сачыў за ім, не адрываючы позірку. Вось шафёр паказаў на Біма, вось ён узяў за плячо Добрага чалавека, а той, усміхнуўшыся, дастаў паперкі і аддаў іх, потым закінуў за плечы рукзак, зайшоў у кабіну, зняў з сябе папругу, прычапіў за Бімаў аброжак і сказаў: