Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 56

Гавриил Николаевич Троепольский

— Ну, вось і ўсё, Люська, вось і ўсё. Нашто плакаць? Прыйдзе Толік. Прыйдзе-е, не турбуйся, дзіцятка. Толік прыйдзе, — суцяшала бабулька.

Бім пакульгаў да дзвярэй, быццам хацеў сказаць: «Толік прыйдзе. Пайшлі пашукаем яго».

— Просіцціа, — сказала Сцяпанаўна. — Мне ўжо надакучыла яго слухаць. І не выводзіць нельга — жывое…

Люся чуць падняла галаву і неяк незнаёма цвёрда сказала:

— Я павяду сама.

Сцяпанаўна раптам заўважыла: сталее дзяўчынка не па днях, а па гадзінах. І ёй таксама стала горка ад таго, што не прыйшоў Толік.

…Дзяўчынка з сабакам ішлі па вуліцы. Насустрач — тры хлопчыкі.

— Дзяўчынка, дзяўчынка, — застракатаў адзін з іх, рыжы і ў рабацінні, — твой сабачка мужычок ці бабка?

— Дурань! — коратка адказала Люся.

Усе ўтрох акружылі Люсю з Бімам, а яна была гатова заплакаць ад першага ў жыцці хамства. Але, убачыўшы, што шэрсць у Біма на загрыўку ўздыбілася і ён нагнуў галаву, раптам асмелілася і крыкнула рэзка:

— Пайшлі вон!

Бім так гаўкнуў, так ірвануўся, што ўсе ўтрох пасыпаліся ў розныя бакі. А Рабенькі, адбегшыся і пакрыўдзіўшыся за свой спалох, закрычаў, як кнігаўка:

— Э! Э! Дзяўчынка з сабакам! Э! Бясстыжая! Э!

Люся пабегла як магла дадому, Бім, вядома, пабег следам. Упершыню ў жыцці ён сустрэў дрэннага маленькага чалавека — Рабенькага.

Пасля такога выпадку зноў пачалі выпускаць Біма аднаго, як і раней. Спачатку Люся выходзіла ўслед і стаяла за вуглом, пасвіствала, як хлопчык, каб не адыходзіў далёка. Потым Сцяпанаўна выпусціла досвіткам яго аднаго. Ад гэтага разу ён і заўсёды гуляў адзін, а вечарам вяртаўся і з ахвотаю еў.

І трэба ж такому здарыцца! Неяк на перакрыжаванні, на пераходзе цераз трамвайныя пуці, яго паклікалі:

— Бім!

Ён азірнуўся. З дзвярэй вагона паказалася знаёмая вагонаважатая.

— Добры дзень, Бім!

Бім падбег і падаў лапу. Гэта ж тая самая добрая жанчына, што вазіла Біма з гаспадаром на паляванне да аўтобуснага прыпынку. Яна!

— Нешта даўно не відаць гаспадара? Ці захварэў Іван Іванавіч?

Бім здрыгануўся: яна ведае, яна, магчыма, едзе да яго!

Калі ж вагон рушыў, ён ускочыў у яго цераз прыступкі. Жанчына-пасажырка дзіка крыкнула, мужчына закрычаў («Пайшо-оў!»), некаторыя смяяліся, спачуваючы Біму. Вагонаважатая спыніла трамвай, выйшла з кабіны, супакоіла пасажыраў (Бім дакладна гэта заўважыў) і сказала Біму:

— Ідзі, Бім, ідзі. Нельга. — Лёгенька падштурхнула яго і дадала: — Без гаспадара нельга. Без Івана Іванавіча нельга.

Што ж зробіш, калі нельга то нельга. Бім сеў, пасядзеў і затрухаўся туды, куды паехаў трамвай. Тут яны ездзілі з гаспадаром, тут — гэта дакладна: вось паварот ля вежы, вось паставы міліцыянер, — тут!

Бім бег па трамвайных пуцях, не перасякаючы іх нават на паваротах. Міліцыянер свіснуў. Бім на хаду азірнуўся і пабег сваёй дарогаю. Ён паважаў міліцыянераў: гэтыя людзі ні разу яго не крыўдзілі, ніколі; ён памятаў свой першы прывод у міліцыю, усё памятаў, разумны сабака, адтуль яны пайшлі з Дашаю дадому, і ўсё было добра. Больш таго, ён не раз бачыў міліцыянера з сабакам — чорны такі, вельмі сур'ёзны, на першы погляд; з ім ён нават пазнаёміўся на тратуары: Іван Іванавіч і міліцыянер падпусцілі іх адзін да аднаго і далі магчымасць нагаварыцца ўволю.