Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 54

Гавриил Николаевич Троепольский

Такім чынам, хлопчык у спартыўных асенніх штоніках і жоўтых чаравіках, у светла карычневым пінжачку і асенняй з ворсам шапачцы кожны дзень, адвячоркам, ішоў з кульгавым сабакам па аднаму і таму ж маршруту. Ён заўсёды быў такі чысценькі і акуратны, што кожны сустрэчны думаў: «Адразу бачыш — з культурнае сям'і хлопчык». Да Толіка пачалі ўжо прывыкаць бліжэйшыя да яго маршруту жыхары, а некаторыя нават пыталіся адно ў аднаго: «Чый жа гэта такі харошы і спакойны хлопчык?»

З унучкаю Сцяпанаўны, Люсяю, беленькаю равесніцаю, ціхаю і сціплаю, Толік моцна пасябраваў, хоць чамусьці і саромеўся браць яе на прагулкі. Затое ў кватэры ў Івана Іванавіча яны, здаралася, забаўляліся з Бімам, а той плаціў ім адданаю любоўю і неадступнаю ўвагаю. Сцяпанаўна сядзела тут жа з вязаннем і радавалася дзецям.

Аднойчы яны раўнялі Біму ачосы на нагах і падвесак на хвасце, і Люся запыталася:

— Твой тата тут, у горадзе?

— Тут. Толькі яго раніцаю забіраюць, а вечарам прывозяць на машыне, ужо зусім позна. Стамляецца страшэнна! Гаворыць: «Нервы ўзвінчаны да адказу».

— А мама?

— Маме заўсёды няма часу. Заўсёды. То прачка прыходзіць, то падлогу націраць, то швачка, то тэлефон звоніць бясконца — ніколі няма ёй спакою. Нават на бацькоўскі сход не можа вырвацца.

— Цяжка, — уздыхнуўшы, пацвердзіла Люся ад чыстага сэрца, з сумам у вачах. Яна ж і папыталася ў Толіка толькі таму, што ўвесь час думала пра свайго тату і маму. Таму і сказала: — А мае тата-мама далёка. На самалёце паляцелі. А мы з бабулькаю ўдзвюх… — І зусім весела дадала: — У нас два рублі на дзень, во колькі!

— Хапае, слава богу, — падтрымала Сцяпанаўна. — Дзесяць булак белага хлеба можна купіць. Куды та-ам! А бывала ж, даўно — успамінаеш… Чаго та-ам! Аж млосна: боты гаспадаровы, твайго дзядулі, Люся, аддала за булку…

— А калі гэта было? — спытаўся Толік, здзіўлена ўскінуўшы бровы.

— У грамадзянскую вайну. Даўно. Вас і на свеце яшчэ не было. Не давядзі госпадзь вам такога.

Толік са здзіўленнем глядзеў на Сцяпанаўну і на Люсю: яму было зусім незразумела, як гэта так, каб таты і мамы не жылі з дзецьмі і каб некалі хлеб куплялі за боты.

Сцяпанаўна ўгадала пра яго думкі па позірку:

— Ды і паехаць жа нам нельга: кватэру трэба пільнаваць, а то адбяруць… Цяпер вось і гэту таксама трэба пільнаваць, пакуль прыедзе Іван Іванавіч. А як жа! Само сабою: мы ж суседы з Іванам Іванавічам.

Бім прыгледзеўся да Сцяпанаўны і здагадаўся: Іван Іванавіч ёсць! Але дзе ён? Шукаць, трэба шукаць. І ён пачаў прасіцца, каб яго выпусцілі. Жаданне аказалася нездзяйсняльнае. Ён лёг ля дзвярэй і пачаў чакаць. Здавалася, ніхто з прысутных яму не патрэбен. Чакаць! — вось мэта яго існавання. Шукаць і чакаць.