Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 52

Гавриил Николаевич Троепольский

Наогул, пісем было так многа, што разгарнулася дыскусія, у выніку якое з'явіўся рэдакцыйны артыкул «Том у кватэры», дзе прыводзіліся вытрымкі з ліста дацэнта педінстытута. Той дацэнт быў відавочны сабаканенавіснік. Чаму гэта так, цяжка здагадацца, але выхаваўчае значэнне для дзяцей і юнакоў яго выступленне мела гіганцкае: калі яны яго зразумеюць правільна, то з маленства будуць душыць сабак, клапоцячыся пра здароўе працоўных, а на чалавека, які трымае сабаку дома, будуць калектыўна і дружна крычаць на вуліцы: «Гультай!» (так дацэнт аблаяў людзей, якія трымаюць сабак), «Гразнуля!» (таксама творчасць таго ж самага дацэнта).

Ужо гаварылася, што ўсіх пісем нельга пералічыць, але адно прачытаем усё ж, апошняе. У ім было толькі два радкі. Чытач проста пытаўся: «А калі на абодвух вухах чорнае — біць?» То чытач быў практычны, далёкі ад таго, каб абстрактна глядзець на свет. Але, тым не меней, ліст гэты ні ў артыкул, ні наогул на старонкі друку не трапіла і нават засталося без адказу. Падумаць толькі! Якая непавага да чалавечых запатрабаванняў!

Ёсць яшчэ, ёсць чытач актыўны, не звёўся-такі, дзякуй богу. Такі чытач не праміне, каб не выказацца і не закляйміць. Так вось і ў нашай гісторыі: Біма ўжо шукалі па ўсім горадзе, зганьбілі добрага сабаку. А за што: хай ён укусіў, скажам, — гэта праўда, а тое, як ён укусіў і тое, што шалёны, — гэта чыстае вады хлусня. Клапатлівы чытач перамяшаў усё гэта па сваёй ахвоце: ён і не думаў пра нагавор, а ў сплетні хоць і кароткія, але моцныя ногі.

Але рэдактар у час заўважыў, што дыскусія гэтая стыхійная, якую пачаў, мабыць, чалавек укушаны, дыскусія ніяк не арганізаваная, самацёчная. І ён зрабіў разумна — даў аб'яву нонпарэллю (тым шрыфтам, які не праміне пастаянны чытач): «Сабака Чорнае вуха злоўлены. Рэдакцыя спыняе дыскусію на гэту тэму. Рукапісы не вяртаюцца».

Рэдактар быў гумарыст, чаго «чытач-змагар» не можа цярпець.

Але то была няпраўда: Біма ніхто не ўлавіў. Проста-напраста Толік, даведаўшыся ў школе пра аб'яву, зайшоў адвячоркам да ветдоктара, пазваніў, а калі адчынілі, сказаў:

— Я ад Чорнага вуха, ад Біма.

Пытанне вырашылася тут жа: на наступны дзень Толік паехаў да Біма і завёў яго, трохногага, на ветпункт, да доктара. Той агледзеў яго і сказаў:

— Хлусня — уся гэтая дыскусія. Сабака не шалёны, а хворы. Збіты і скалечаны. Эх, людзі! — неяк неканкрэтна ўздыхнуў ён.

Затым агледзеў скалечаную лапу, паслухаў, што ўсярэдзіне, выпісаў мазь на лапу, лякарства піць і, праводзячы сяброў, хлопчыка і сабаку, спытаў на развітанне: