Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 53

Гавриил Николаевич Троепольский

— Як жа завуць цябе, герой?

— Толік.

— Добры ты мужчына, Толік. Маладзец.

Бім, адыходзячы, таксама падзякаваў доктару на развітанне. Ён пах лякарствам, але ён ніякі не хворы, а, наадварот, высокі, мужны чалавек з добрымі вачыма.

«Добры чалавек, — сказаў яму Бім хвастом і позіркам. — Вельмі добры вы чалавек!»

…Сябар-чытач! Не той чытач, што думае, быццам без яго пісем, якія «кляймяць», сабакі паядуць усіх грамадзян і грамадзянак, не, не той. Другі — мой чытач, да цябе гавару. Прабач, што ў лірычна-аптымістычнай аповесці пра сабаку я часам напішу адну-дзве сатырычныя староначкі. Не вінаваць за тое, што парушаю законы творчасці, бо ў кожнага пісьменніка свае «законы». Не вінаваць, дарагі, і ў тым, што змешваю жанры, бо само жыццё — змяшэнне: дабро і ліха, шчасце — няшчасце, смех і гора, праўда і хлусня жывуць побач, і так блізка, што часам цяжка адрозніць адно ад другога. Горш было б, каб ты прыкмеціў у мяне напалову праўду. Яна падобна да напалову поўнае бочкі. А даказваць, што не адно і тое ж паўпустая і паўпоўная бочка, не мае сэнсу.

Галоўнае, я за тое, каб пісаць пра ўсё, а не пра адно і тое ж. Апошняе шкодна. Ты падумай! Калі пісаць толькі пра дабро, то для недабра гэта шчасце; калі пісаць толькі пра шчасце, то людзі перастануць бачыць няшчасных і ў рэшце рэшт не будуць іх заўважаць, але калі пісаць толькі пра сур'ёзна-прыгожае, то людзі перастануць смяяцца з пачварнага.

Раздзел 10. За грошы

Дзякуючы клопату Толіка і Сцяпанаўны, Бім папраўляўся. А праз тыдні два лапа пачала гаіцца, хоць і засталася кляшнятая, нязграбная супраць астатніх; Бім ужо спрабаваў на яе ступаць, але пакуль што яшчэ так, крышку, — толькі спрабаваў. Расчасаная Толікам шэрсць надавала Біму зусім прыстойны выгляд. А вось галава пачала балець не перастаючы: пасля ўдараў Шэрага нешта там змянілася. Часам галава пачынала кружыцца, тады ён спыняўся і здзіўлена чакаў, што ж з ім будзе далей, але потым, дзякуй богу, усё праходзіла, да наступнага прыступу. Так і ў чалавека, які панёс траўму ці якога ашаламілі несправядлівасцю, нечакана, не адразу, а праз некаторы час раптам зашуміць увушшу, закружыцца галава, упадзе некуды сэрца, і ён, хістаючыся, спыняецца і чакае, што ж з ім будзе; потым сапраўды праходзіць, а часам нават і не паўтараецца. Усё бывае і ўсё мінае. Чалавек таксама жывёліна — толькі больш адчувальная.

Толькі позняю восенню, па ўжо цвёрдаму марозіку, Бім пайшоў на чатырох лапах, але такі накульгваў — чамусьці стала карацейшая нага. Так, Бім застаўся калека, хаця галава быццам і наладзілася. Сапраўды: усё бывае і ўсё мінае.

Гэта б яшчэ нічога, але гаспадара няма і няма. І аркуш ліста нічым не пахне, а ляжыць у кутку як звычайная паперка, нікому не патрэбная. Бім ужо б мог шукаць сябра, але Толік не пускаў яго з павадка, калі выводзіў гуляць. Толік усё яшчэ баяўся з-за тае аб'явы ў газеце і Шэрага дзядзьку, ды і прахожыя часам пыталіся: «А гэта ці не той шалёны сабака з чорным вухам?» Толік нічога не адказваў і скоранька ішоў, не азіраючыся, прэч. Ён мог бы сказаць: «Не, не той сабака», — і на гэтым канцы ў воду. Але ён не ўмеў хлусіць і таіць свае пачуцці — страх, насцярожанасць, сумненне і ўсё астатняе; нават наадварот: на хлусню ён казаў, што гэта хлусня, на праўду — праўда. І не толькі гэта, у яго пачынала развівацца адчуванне гумару, як адна з магчымасцей выражаць справядлівасць, сапраўднага гумару, калі пра смешнае гаворыцца без адзінае ўсмешкі, хоць чалавеку з гэтым пачуццём, можа, хочацца і плакаць. Першаю праяваю гэтага было тое самае сачыненне, сутнасці якога ён і сам яшчэ не разумеў як след, а толькі цьмяна пачаў здагадвацца пра тое-сёе.