Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 51

Гавриил Николаевич Троепольский

— Мяне гэта не датычыць, — адказала доктар. — На пункт! — дадала яна яшчэ стражэй, чым дагэтуль.

Цяпер даносчык рэгулярна павінен быў хадзіць на ўколы ў вызначаныя дні і гадзіны. Мала прыемнага, уліп як муха ў мёд: сабака — за азадак, а дактары — у жывот.

А далей было так.

Як іх звяло з Цёткаю тою — невядома, але звяло. Магчыма, яны былі знаёмыя даўно (мабыць, так яно і было), але таго дня яны спаткаліся на вуліцы. Такія чуюць адно аднаго, як рыбак рыбака, дурань дурнога, а сплетнік сплетніка. Сышліся, значыцца, разгаварыліся. Высветлілася, што ходзіць ён рубам пасля ўкусу сабакі з чорным вухам.

— Дык я ж яго ведаю! Дальбог, ведаю! — усхрапянула Цётка. — І мяне пакусаў.

Шэры ж ведаў, што хлусіць яна, аднак сказаў так:

— Я асабіста напісаў заяву, каб яго ўлавілі і знішчылі. Так мне сумленне падказвае.

— І правільна падказвае, — акрыяла Цётка.

— А вы таксама напішыце… калі, вядома, вы чэсны чалавек.

— Я? Я не адступлюся!

І яна таго ж дня занесла заяву на той самы ветэрынарны пункт. Сам сабе Шэры думаў (моўчкі думаў): «Калі нахлусіла, то хай і табе дактары — у жывоцік». Ён не любіў, калі яму казалі няпраўду, і ганарыўся гэтым. Ну, Цётка таксама ўліпла як муха ў мёд: крычала, лаялася, хлусіла, колькі магла, у прыватнасці, што ранка была маленькая і ўжо загаілася, тыцкала пальцам у стары шрамік на руцэ і яшчэ крычала, што яна, як чэсная савецкая жанчына, напісала, каб была карысць, а яе за гэта караюць у жывот.

Дзіўна, але яе чамусьці адпусцілі, запісаўшы адрас, і сказалі, маўляў, заедзем заўтра дадому, высветлім. Як бы там ні было, але Цётка ўзненавідзела Біма лютаю нянавісцю. Шэрага — таксама, але крышку менш, хоць ён і падвёў яе пад дурнога хату.

У сувязі з дзвюма такімі заявамі праз два дні ў абласной газеце з'явілася аб'ява:

«Ёсць прычына думаць: сабака, беспародны сетэр, вуха чорнае, кусае прахожых. Хто ведае месцазнаходжанне таго, а таксама ўкушаных просім паведаміць на адрас… для таго, каб злавіць на аналіз і ліквідаваць магчымыя непрыемнасці. Грамадзяне! Беражыце сваё здароўе і здароўе другіх — не маўчыце…» і г.д.

За некалькі дзён пасыпаліся лісты ад чытачоў. У адным з іх паведамлялася:

«…(пэўнага чысла і месяца гэтага года)… бег сабака да вакзала (беспародны сетэр, вуха чорнае), ён не разбіраў нічога і пёр напрасцякі; так здаровыя сабакі не бегаюць — напрамкі ці наўскасяк цераз плошчу, а абмінаюць тое, што сустракаецца з перашкод на іх дарозе. Хвост быў апушчаны ўніз. Названы сабака (беспародны сабака, сетэр, чорнае вуха) рэальна небяспечны, можа ўкусіць любога грамадзяніна Савецкага Саюза і нават замежнага турыста, якія бываюць, а таму патрэбна лавіць і знішчаць сабак без усякага там даследавання, пра якое ўпамінаецца ў аб'яве вашае паважанае газеты».

Пад пасланнем стаяла дванаццаць подпісаў.

Былі і яшчэ лісты (усіх не пералічыць). Ну, напрыклад, такое: «…Гэтакі ж самы сабака, толькі без чорнага вуха, таксама бег напрасткі…» Або: «У горадзе поўна сабак, а які з іх шалёны, ніяк не разбярэшся». Або: «І зусім той сабака не шалёны, самі вы шалёныя віцінары». Або: «Калі аблвыканком не можа паставіць на шырокую нагу арганізацыю планамернага, разлічанага на гады, знішчэння сабак, то да чаго мы ідзём, таварыш рэдактар? Дзе план? Дзе карысная крытыка і чаму вы да яе не прыслухоўваецеся? Хлеб жа пячы мы ўмеем, а вось ахоўваць здароўе працоўнага грамадзяніна — кішка тонкая. Я — чэсны чалавек і гавару заўсёды праўду-матку ў вочы. І не баюся я нікога, дарэчы. А вы падумайце пра тое, што я вам напісаў. У мяне ўжо сілы нестае цярпець: пішаш, пішаш, а толку мала».