Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 50

Гавриил Николаевич Троепольский

Крыху Шэры меў рацыю. Толькі менавіта крыху: ён не хлусіў, што Бім яго ўкусіў, і таму меў на тое падставы, каб абурацца, але ён хлусіў, што быццам не здымаў з Біма таблічку. Першапрычынаю ўсяго ён лічыў Бімаў укус, але не тое, што зняў таблічку, а перамена месцамі прычыны і вынікаў — заўсёды вельмі выгадна, каб апраўдацца. І ён быў глыбока перакананы, што гаворыць праўду, але тое, што ён гаварыў не ўсю праўду, — гэта ўжо яго не датычыла. А хто тут ведае, дзе тая прычына, а дзе той вынік: сабака ўкусіў спачатку ці спачатку была знята таблічка? Гэта так і будзе патаемна ад усіх. Але Толік быў глыбока перакананы, што Бім укусіць Шэрага не мог, таму што той чалавек, а не нейкі там заяц ці ліса. Таму ён і паўтарыў яшчэ раз:

— Вы хлусіце мне, дзядзечка. А гэта — брыдка.

— Бр-рысь! — гаўкнуў дзядзька і пайшоў, накульгваючы і адстаўляючы азадак (відаць, добра такі цімануў яго Бім).

Дзіўна, як бываюць правы і тыя і другія, калі адзін напалову гаворыць праўду, а другі не ведае другое палавіны праўды.

Шэры ж ішоў і думаў: «Пойдзе з тымі смаркачамі ў міліцыю, даложыць, тыя прыйдуць, убачаць калекцыю… Не, юбілейны пяцісоты не аддам. За яго можна даць дваццаць любых знакаў…» І ён вырашыў: «Лепшы від абароны — нападзенне».

Дома ён напісаў заяву, а потым занёс на ветэрынарны пункт. Там прачыталі.

«…Бег сабака (беспародны сетэр з чорным вухам), з налёту ўкусіў, вырваў з адпаведнага месца ў маім арганізме кавалак мяса і пабег далей… Бег ён, быццам шалёны, апусціўшы хвост і галаву да зямлі, вочы набеглі крывёю… Або яго трэба злавіць і знішчыць, наконт чаго і даць загад брыгадзе, якая ловіць брадзячых сабак, або я буду скардзіцца далей на ваш бюракратызм і бяздушша ў дзейнасці…» і г.д.

Ветдоктар захваляваўся:

— Куды ўкусіў? Калі? Дзе? Як гэта было?

Шэры хлусіў, як запраўскі хлус, толькі без усякае там фантазіі. Доктару ж было ўсё ясна з асабістага дакумента ўкушанага: пакусаў брадзячы сабака на вуліцы! Ён зняў трубку тэлефона і выклікаў дзяжурнага па пастэраўскім пункце.

Скора, літаральна праз некалькі хвілін, прыехала на машыне жанчына-доктар, спусціла ў Шэрага штаны, зірнула, запыталася:

— Колькі дзён прайшло?

— Дзесяць дзён, — мусіў адказаць пацыент.

— Праз чатыры дні ашалееце, — катэгарычна сказала доктар. Але бачачы, што пацыента гэта не надта затурбавала, яна, мабыць, крыху засумнявалася, ці што, і таму запыталася:

— А колькі месяцаў вы не мыліся?

— З трэцяе суботы перад тым, як быў пакусаны. Баяўся, каб не загразніць, як бы антонаў агонь не падкінуўся. Месца-то сур'ёзнае.

Умяшаўся ветдоктар:

— Месца ў вас сапраўды сур'ёзнае. Як тэлевізар. (Штукар быў гэты сімпатычны ветдоктар.)

— Што ж вы нарабілі! — закрычала жанчына-доктар, яшчэ раз паглядзеўшы на рану. — На пункт, на пункт, на пункт! Неадкладна ўколы ад шаленства… у жывот… шэсць месяцаў.

— Вы што, пасатанелі! — зароў Шэры дзядзька.

— Мы не пасатанелі, — спакойна ўняў яго ветдоктар. — Не паслухаеце — сілаю прымусім, цераз міліцыю, калі вы такі цёмны чалавек.

— Я? Цёмны чалавек?! — зароў Шэры. — Ды вы ведаеце, дзе я ў свой час рабіў?