Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 48

Гавриил Николаевич Троепольский

— Анпална, а як завуць сабаку з чорным вухам?

Настаўніца паглядзела ў блакнот і сказала:

— Бем.

— Бім! — крыкнуў Толік, узбунтаваўшы крыкам увесь клас.

— Адпусціце мяне, Анпална. Калі ласка! Я пайду шукаць Біма, я яго ведаю — ён вельмі добры. Калі ласка! — прасіў ён жаласна, гатовы ад удзячнасці цалаваць рукі Анпалне.

— Толя! — строга сказала да яго Анна Паўлаўна. — Ты перашкаджаеш працаваць іншым. Думай і пішы сачыненне.

Толік сеў. Ён глядзеў на чыстую староначку сшытка, а бачыў Біма. Здавалася, ён засяродзіўся на вольнай тэме гэтак, як і астатнія, але ён напісаў толькі загаловак: «Я люблю жывёлін». Толькі незадоўга перад званком ён пачаў скоранька-скоранька прыдумляць адказы. Нават і пасля званка ён крыху затрымаўся, а Анна Паўлаўна, як і звычайна ў такіх выпадках, сядзела за сталом і цярпліва чакала. Нарэшце Толік, насуплены, невядома чым незадаволены, паклаў перад Аннай Паўлаўнай сваё сачыненне. І пайшоў.

Работа яго, такім чынам, была зроблена апошняй, таму, як і заўсёды, Анна Паўлаўна прачытала яе першую (зверху ляжыць).

Толік дакладна, нават залішне, адказаў на ўсе пытанні вольнае тэмы, яго твор уключаў нават і паэтычныя спробы, хоць і з яўным плагіяцтвам з моднае песенькі, якую ведае кожны малы.

А цалкам усё гэта было вось так: «Я ЛЮБЛЮ ЖЫВЁЛІН»

Яго завуць Бім. Ён белы з чорным вухам. Вушы абвіслыя. Хвост сапраўдны. Парода паляўнічая, не аўчарка. Ласкавы. Гуляў толькі раз, але нейкі дзядзька-зануда адабраў, такі стары дурань, што і не расказаць. Не кусаецца. Тата і мама яго любіць не могуць, таму што ён чужы, з таблічкаю на шыі. За што люблю, не ведаю, проста так. Курэй, гусей, авечак, аленяў, мышэй люблю, але мышэй баюся. Лася пакуль што не бачыў, яны не жывуць у горадзе. Кароў дояць, каб было малако ў магазінах і каб выконваць план. («А ён жа з дэфектам!» — падумала Анна Паўлаўна.) Лася не дояць таму, што ў магазінах не бывае ласінага малака, і яно нікому не патрэбна. Жывёлін любіць трэба, а сабака — лепшы сябар чалавека. Я склаў зараз песеньку:

І лось добра, І алень добра, І мыш добра, А сабака лепш.

Яшчэ я спрабаваў гадаваць марскіх свінак, але мама сказала, што ад іх у кватэры пахне, хоць нос затыкай, і аддала чужой дзяўчынцы. А Біма я ўсё роўна знайду, хоць мяне нават і не пусцілі. Усё адно знайду, сказаў знайду — і знайду. Хоць вы і Анна Паўлаўна, мне ўсё роўна».

У Аняы Паўлаўны вочы пад лоб пайшлі: «Ён жа з рамак выскачыў! Ён жа чортведама пра што думае. У ціхім балоце…» Апошняе яна не дадумала да канца, бо была педагог, а проста адчуваючы сваю правату ад таго, што выконвае абавязак, паставіла двойку.

Вось так яно і атрымліваецца. Анна Паўлаўна была ў ліку лепшых, дзеці яе, здаецца, любілі і слухалі, за выключэннем некаторых, без якіх, між іншым, не бывае ніводнага класа. Выхаванне — рэч складаная, складанейшая, мушу сказаць, відаць, таму Толік і напісаў так адно з першых сваіх сачыненняў: перш-наперш, ад незразумелае крыўды і несвядома, калі мець на ўвазе, што пра марскіх свінак у Анны Паўлаўны ніякіх пытанняў не было ў тэме. Магчыма, падросшы, ён і зразумее сваю памылку, але пакуль што яму гэтага не змысліць. Ён нават не вярнуўся ў клас пасля перапынка. А гэта ўжо — ЧП!