Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 47

Гавриил Николаевич Троепольский

— Ды ён жа спаганіцца, як на прывязі стане.

— Зразумей ты, цёмны ты чалавек! Паганы стане — затое жывы будзе. На прывязь, на прывязь — вось табе і ўся мая інструкцыя. Дабра хочучы, кажу: на прывязь!

Не паслухацца старшыні Сцяпанаўна не магла, таму яна купіла ланцужок за рубель дзесяць і на ім выводзіла Біма на двор. Але дома адчэплівала ад аброжка і кідала ў куток. Хітрая бабулька Сцяпанаўна — і ваўкі сыты, і авечкі цэлы. Між іншым, самой ёй давялося выходзіць з Бімам усяго толькі два-тры разы, а прычынай таму былі незвычайныя падзеі, якія пачаліся вакол Бімкавага імя.

Раздзел 9. Маленькі сябар, хлуслівыя чуткі, данос спадцішка на Біма і аўтарскае адступленне

У школе, хвалячыся навінамі, дзеці на першым жа перапынку пусцілі чутку: у іхнім двары ёсць сабака — хадзіў на трох нагах, а зараз на чатырох, і худэрбіна-худэрбіна, а быў не худэрбіна, быў сыты, а цяпер ускудлачаны, быў вясёлы, а цяпер сумны, і завуць яго Бім; гаспадара павезлі ў Маскву на аперацыю, а водзіць яго зараз бабулька Сцяпанаўна.

Чутка дайшла да аднаго настаўніка-метадыста, той на чарговай раённай нарадзе на наступны дзень у сваім цікавым выступленні расказаў недзе гэтак: расце маладое пакаленне, выдатнае, яно «далучаецца да ідэі дабраты, якая ўключае ў сябе спачуванне да ўсяго жывога на зямлі». Усё гэта ён падмацаваў тым вялікім інтарэсам аднае школы нават да нейкага невядомага сабакі з чорным вухам, гаспадара якога надоўга паклалі на аперацыю.

Тры дні запар ва ўсіх школах гарадскога раёна настаўнікі расказвалі дзецям пра спачуванне і спагаду да жывёлін, расказвалі, як добра і прыязна аднесліся ў адной школе да адзінокага сабакі. Але найбольш асцярожныя папярэдзілі, што сабака ў такім выпадку не павінен быць шалёны, гэтага трэба сцерагчыся. У школе, дзе вучыўся Толік, настаўніца расказвала пра гэта ж самае, толькі проста і з душою.

— Ну, падумайце, дзеці, вы толькі падумайце! — гаварыла яна. — Нейкі жорсткі чалавек адарваў сабаку нагу. (Крыху так перамянілася чутка сярод настаўнікаў: чутка і ёсць — чутка!) Гэта не варта савецкага чалавека. А няшчасны сабака з чорным вухам навек калека. — Яна адгарнула сшытак на патрэбную староначку і працягвала: — Цяпер, дзеці, напішам сачыненне, маленькае і цёплае, на вольную тэму «Я люблю жывёлін». Каб лягчэй пісалася, каб нічога не наблыталі, вось вам план-пытанні.

І яна напісала мелам на дошцы, гледзячы ў сшытак:

1. Як завуць вашага сабаку?

2. Белы ён, чорны ці які?

3. Вострыя ў яго вушы ці абвіслыя?

4. З хвастом ён ці з кароценькай куксаю?

5. Якое ён пароды, калі гэта вядома дома?

6. Ласкавы ён ці злосны?

7. Ці гуляеш ты з ім, а калі гуляеш, то як?

8. Кусаецца ён ці не? Калі кусае, то каго?

9. Ці любяць яго тата і мама?

10. За што ты любіш сабаку?

11. Якія ў цябе адносіны да іншае жыўнасці (куры, гусі, авечкі, алені, мышы і астатнія)?

12. Ці бачыў ты калі-небудзь лася?

13. Чаму кароў дояць, а лася не дояць (свойская жывёла і дзікая)?

14. Ці трэба любіць жывёлін?

Толік сядзеў быццам на іголках, ён не мог нічога пісаць. У агульнай цішыні ён запытаўся, не вытрываў: