Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 46

Гавриил Николаевич Троепольский

Ой, як яму трэба была вада! Ён, чуць прыпадняўшыся, піў прагна, капаючы на падлогу, а потым зноў лёг так, як і ляжаў. Бім заплюшчыў вочы, здавалася, задрамаў.

Ужо досвіткам Сцяпанаўна выйшла так ціха, быццам баялася патрывожыць цяжка хворага чалавека.

А пасярод пакоя ляжаў усяго толькі адзінокі сабака.

Колькі Бім спаў, ён не ведае: магчыма, некалькі гадзін, магчыма, і суткі і ачнуўся ад пякучага болю ў назе. Быў дзень, таму што свяціла сонца. Нягледзячы на боль, ён панюхаў аркушык. Пах гаспадара быў слабейшы і быццам далёкі, але гэта не мела цяпер значэння. Галоўнае, самае важнае тое, што ён ёсць, недзе ёсць і яго трэба шукаць. Бім устаў, напіўся з міскі і захадзіў па кватэры на трох нагах; балела, але ён хадзіў, хадзіў, хадзіў з пакоя ў пакой, у прыхожую і назад, кружыў па пакоі. Інстынкт яму падказваў: калі адлежаў адзін бок, калі баліць, то трэба хадзіць. Скора прылаўчыўся хадзіць, каб не балела раздушаная лапа: яе трэба чуць падымаць угору, а не цягаць па падлозе, тады менш баліць. Калі ж Сцяпанаўна прынесла яму есці, ён павіляў ужо ёй хвастом, парадаваў, а потым і пад'еў. І чаму, уласна, не есці, калі ёсць надзея і ўзніклі ў сабачай галаве два магічныя словы — «шукаць» і «чакаць».

Але колькі ён ні прасіўся, колькі ні патрабаваў, Сцяпанаўна не выпускала яго (сядзі дома, ты хворы). Але нарэшце і яна здагадалася, што Бім істота жывая, што яму таксама ёсць патрэба выйсці. Яна, бясспрэчна, не ведала, што здараліся выпадкі, калі сабакі паміралі ад таго, што лопаліся кішкі ці задыхаліся ад запораў, калі тых сабак не выпускалі больш чым тры дні. А такія выпадкі былі не адзін раз.

Вялікая чалавечая спагада і дабрата душы вялі Сцяпанаўну па жыцці. Толькі і ўсяго. Яна зачапіла павадок за ашыйнік і пайшла. А Бім закульгаў побач.

У двары, у самым далёкім кутку, стаялі двое: старая сівая жанчына і кульгавы худы сабака — вось што выходзіла за карціна.

Дзеці выбягалі з пад'ездаў, спяшалі да школы, але многія з іх падбягалі і пыталіся:

— Бабулька, бабулька, чаму Бім на трох нагах?

Або так:

— Бімка, баліць табе?

Але ў школу бегчы трэба: гэта вялікая адказнасць — хадзіць да школы, самая першая адказнасць у жыцці — перад сям'ёю, перад настаўнікам, перад сябрамі. Таму яны і не затрымліваліся, беглі. Гэта здавалася вельмі важным і Сцяпанаўне і Біму, хоць яны нічога і не падазравалі, а проста пайшлі дадому, калі прыйшла пара.

Ля пад'езда іх спаткаў Палцітыч (Павел Цітыч Рыдаеў) і сказаў да Сцяпанаўны:

— Такое дзела, значыць. Псіна гэты — сабака варты, і яго трэба берагчы. Калі ўжо гаспадар даручыў табе, то вось табе парада: вазьмі на ланцуг. Абавязкова. Інакш уцячэ. Не ўпільнуеш. Выскачыць у дзверы — і каюк.

— Ды як жа можна такога разумнага сабаку — на прывязь? — няўпэўнена запярэчыла Сцяпанаўна.

— Што: і цябе вучыць трэба? Запомні: без гаспадара і без ланцуга сабака пачуе волю. І — каюк.