Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 45

Гавриил Николаевич Троепольский

Да родных дзвярэй ён прыкульгаў запоўнач. Няма! Зноў няма слядоў Івана Іванавіча. Бім хацеў падрапаць за дзверы, як і звычайна, але аказалася, што нельга: з хвораю нагою немагчыма не толькі стаць на заднія лапы, але нават і сесці, — толькі стой на трох нагах або ляжы лежма. Тады ён прыткнуўся носам да кутка дзвярэй і праверыў пах у сярэдзіне ў кватэры: гаспадара не было. Значыцца, паехаў назусім. Так ён стаяў доўга, быццам падтрымліваў галавою саслабелае цела. Потым падышоў да дзвярэй Сцяпанаўны і моцна, коратка, роспачна сказаў: «Гаў!» (Я тут.)

Сцяпанаўна ахнула:

— А божа ты мой! Дзе ж гэта цябе так? — Адчыніла дзверы ў кватэру і ўвайшла разам з ім у пакой. — От сабака ты, сабака, няшчасны сабака, што ж мне цяпер рабіць табе? І што скажа Іван Іванавіч?

Бім толькі быў лёг пасярод пакоя, выцягнуўшы ногі, але… Як жа так? «Іван Іванавіч»? Бім падняў галаву, павярнуў яе да Сцяпанаўны і з намаганнем глядзеў, глядзеў на яе, не спускаючы вачэй, ён пытаўся: «Іван Іванавіч? Дзе?»

Сцяпанаўна не ўмела ладзіць з сабакамі, не ведала, як карміць і даглядаць, аднак умела пашкадаваць. Магчыма, жаласлівасць і дапамагла ёй зараз зразумець Біма, здагадацца, што словы «Іван Іванавіч» абудзілі ў хворага сабакі пробліск надзеі.

— Ага, ага, Іван Іванавіч, — пацвердзіла яна. — Пачакай жа: я зараз прыйду. — Спяшаючыся, пайшла і зараз жа вярнулася з лістом у руках, паднесла яго Біму да носа: — Вось бачыш? Ліст прыслаў Іван Іванавіч.

Бім, бедны Бім, які паміраў і ўваскрэс, якога задушылі і выратавалі, хворы і без крупінкі спадзявання, Бім задрыжаў. Ён уткнуў нос у ліст, потым прайшоўся ноздрамі па краях: ага, ага, ага… вось ён моцна правёў пальцам па канверце туды-сюды… Калі Сцяпанаўна падняла з падлогі канверт і вытрасла з яго ліст, Бім з намаганнем устаў і падаўся да яе; цяпер яна дастала з таго ж самага канверта зусім чысты аркуш паперы і паклала яго перад Бімам. Ён завіляў хвастом: тут знарок напісаны пах пальцаў Івана Іванавіча, ага, гэта ён знарок цёр пальцамі.

— Табе ж і прыслаў, ага, — сказала Сцяпанаўна. — Так і піша: — Дайце Біму гэтую чыстую паперку. — Яна блізка паказвала на паперку, прыгаворваючы: — Іван Іванавіч… Іван Іванавіч…

Бім раптам расслаблена апусціўся на падлогу і выцягнуўся, паклаўшы галаву на ліст. З вачэй яго пакаціліся слёзы. Бім плакаў першы раз у жыцці. Гэта былі слёзы надзеі, шчаслівыя слёзы, скажу я вам, лепшыя ў свеце слёзы, не горшыя за слёзы радасці ад сустрэчы і шчасця.

…Дай жа божа, дарагі чытач! Але павер мне: сетэр умее смяяцца і плакаць.

…Сцяпанаўна пачынала разумець сабаку, але яна зразумела і тое, што ёй адной не саўладаць, не справіцца. Доўга яна сядзела пры Біму і думала пра сваё жыццё. І так ёй захацелася ў вёску, дзе яна нарадзілася і вырасла, так стала сумна ад гэтых каменных клетак, дзе людзі цэлыя гады не ведаюць нічога адзін пра аднаго, жывучы ў адным доме, нават у адным пад'ездзе. А ўсё ж здагадалася даць Біму вады.