Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 44

Гавриил Николаевич Троепольский

Калі глянуць збоку, нічога незвычайнага тут не было: па чыгуначнаму палатну трухаўся хворы сабака. І ўсяго.

Бліжэй да горада з аднае чыгункі стала дзве: яшчэ пара суцэльных жалезных палосак выцягнулася побач. Потым іх стала тры. Непадалёку ад будачкі неспадзявана заміргалі ўперамежку два чырвоныя вокі: левае, правае, левае, правае — кідаліся збоку ўбок. Чырвонае ўсім звярам непрыемна: ваўку, напрыклад, нестае сілы пераскочыць цераз лінію чырвоных сцяжкоў, ліса, абкладзеная імі, застаецца ў акружэнні па двое-трое сутак, а то і болей. Таму і Бім вырашыў абмінуць вялізныя чырвоныя жывыя вочы. Ён сышоў на трэцюю каляю, прыпыніўся, узіраючыся ў чырвонае морганне, яшчэ не адважыўся ісці далей. І тут пад нагамі нешта скрыгітнула…

Бім завыў ад страшнага болю, але ніяк не мог адарваць лапу ад рэйкі: на стрэлцы лапа трапіла ў магутныя ціскі. З Бімавага выцця можна было распазнаць толькі адно: «Ой, баліць! Памажэ-эце-е!»

Людзей паблізу не было. Адгрызці сваю лапу, як гэта часам робіць воўк у пастцы, сабака не можа, ён чакае дапамогі, ён спадзяецца на чалавечую дапамогу.

Але што гэта? Два вялізныя яркія белыя вокі асвятлілі пуці і самога Біма, яны асляпілі яго, набліжаліся паволі і няўмольна. Бім сцяўся ад болю і страху. І сціх ад прадчування навалы. Але грымучая істота з гэткімі вачыма спынілася крокаў за трыццаць, у паласу святла выскачыў з цемры чалавек і падбег да Біма. Потым адразу паказаўся і другі.

— Як жа ты ўшчаміўся, бядняга? — запытаўся першы.

— Што ж рабіць? — запытаўся ў першага другі.

Яны пахлі амаль што гэтаксама, як і шафёры, абодва былі ў фуражках з вялікімі медалямі.

— За прыпынак нам перападзе, хоць мы і побач са станцыяй, — сказаў першы.

— Цяпер усё роўна, — адказаў першы і пайшоў да будачкі.

Наш бедны Бім здагадаўся па інтанацыі (не па словах): гэта яго збавіцелі. Ён чуў, як звонка зазваніў у будачцы званок, а праз хвіліну ціскі выпусцілі лапу. Але Бім не рухаўся, ён здранцвеў. Тады чалавек узяў яго і занёс за лінію дарогі. Там Бім закруціўся на месцы, як юла, залізваючы раздушаныя пальцы. І аднак (якія сабакі назіральныя!) ён чуў гаворку з акон і дзвярэй цягніка; цяпер, не аслеплены святлом, ён бачыў цягнік з цемры збоку; розныя галасы паўтаралі словы «сабака» і «паляўнічы», словы вельмі зразумелыя.

Бім быў удзячны добрым людзям. Вось так. Дзесьці нехта перавёў стрэлку на той дарозе, па якой ішоў Бім. І таму «нехта» цяпер ніякага клопату ад таго, што нейкаму сабаку прышчаміла нагу і ён стаў калекам. Што б яно ні было, але цяпер ён ужо ніколі не пойдзе па чыгунцы: гэта ён зразумеў гэтак жа, як і змалку, што там, дзе бегаюць машыны, нельга хадзіць.

Бім паскакаў на трох нагах, змучаны, скалечаны. Ён часта прыпыняўся і лізаў анямелыя і ўжо прыпухлыя пальцы хворае лапы, кроў пакрысе ўнялася, а ён усё лізаў і лізаў да таго часу, пакуль кожны падушаны палец не стаў ідэальна чысты. Гэта было вельмі балюча, але іншая рада не служыць: кожны сабака ведае, што баліць, але цярпі, баліць, а ты ліжы, баліць, а ты маўчы.